Звольнены кіраўнік «Мінск-Крышталя»

08.07.2011 / 10:44

Адпраўлены ў адстаўку генеральны дырэктар РУП «Мінск-Крышталь» Леанід Кучаравы. Не выключана, што гэтая ціхая адстаўка стане новым вітком у пошуку шкоднікаў сярод дырэктарскага корпуса.

Леанід Кучаравы.

Кучаравы — досыць цікавая персона для ўсяго рынку харчавання. За час яго дзевяцігадовага знаходжання на пасадзе яму ўжо мінімум два разы прадракалі адстаўку.

Першы раз ён трапіў у зону інтарэсаў праваахоўных органаў у 2004 годзе, прыкладна праз год пасля гучнай пасадкі кіраўніка «Белдзяржхарчпрама» Віктара Казекі і ягонага сына Андрэя, які ўзначальваў аддзел збыту РУП «Мінск-Крышталь». У чэрвені 2004 пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу ў дачыненні да генеральнага дырэктара РУП «Мінск-Крышталь», дзе разам з Леанідам Кучаравым стаў фігураваць адзін з найбуйнейшых і найстарэйшых партнёраў завода — СП «Вуадор». Ішла гаворка пра страты дзяржсродкаў на пастаўках дэкаратыўных бутэлек. Страты, на думку пракурорскіх работнікаў, панёс РУП «Мінск Крышталь» праз тое, што не закупіў бутэлькі наўпрост, а ўзяў іх у дылера. Але справа развалілася.

Аднак праз некалькі месяцаў упраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС распачало новую крымінальную справу ў дачыненні да Леаніда Кучаравага,

а ён быў практычна на год адхілены ад пасады. У гэтай гісторыі зноў фігуравала СП «Вуадор».

Паводле дадзеных праваахоўных органаў, у снежні 2002 года Леанід Кучаравы заключыў з згаданым СП дамову на куплю 36 836 літраў каньяку «Вуадор». Дадзеная сыравіна нібыта не адпавядала нарматыўна-тэхнічным патрабаванням і пацягнула неабходнасць дадатковай перапрацоўкі атрыманага на яго аснове брэндзі. У выніку прадпрыемства панесла шкоду. Фактычна Кучаравы каля года знаходзіўся пад хатнім арыштам. Выконваў абавязкі генеральнага дырэктара яго першы намеснік Сяргей Машкоў.

Гэтая гісторыя для Кучаравага таксама завяршылася ўдала. Але ўжо ў ліпені 2007 года на вернутага на пасаду «генерала» накаціла новая хваля.

Прэса пісала, што з адпачынку Кучаравы на прадпрыемства ўжо не вернецца. Упэўненасці ў гэтым дадавала гучная заява віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі, які сказаў, што ў дачыненні да генеральнага дырэктара «Мінск-Крышталя» заведзеная крымінальная справа за тое, што той нібыта разліваў у бутэлькі брэндзі і прадаваў яго як элітны каньяк. Гэтая інфармацыя ў выніку не пацвердзілася. Прэтэнзіі органаў сертыфікацыі, Міністэрства аховы здароўя што да якасці французскіх спіртоў, пастаўленых у Беларусь, былі адмеценыя.

Што да прычын адстаўкі, якая ўсё-такі адбылася ў пачатку ліпеня, то нібыта ў чэрвені 2011 года кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта У. Макею паклалі на стол дакладную запіску.

У ёй самым моцным аргументам з’яўляецца шкода, нібыта нанесеная Кучаравым сваёй дзейнасці па арганізацыі вытворчасці ліцэнзійнай гарэлкі Nemiroff. Нагадаем, што на магутнасцях РУП «Мінск Крышталь» з восені 2010 года пачаўся разліў прадукцыі пад міжнародным брэндам Nemiroff. Квота на вытворчасць напояў Nemiroff мусіла скласці 1 млн даляраў у год. Замест гэтага адбылося затарванне склада «Неміроўскі» спіртамі і гатовай прадукцыяй. Слаўная ўкраінская прадукцыя, зробленая на беларускім прадпрыемстве, шырокага попыту ў нашага спажыўца не знайшла. Што і нядзіўна. Беларускі спажывец-гурман меў магчымасць спажываць кантрафактны танны «Няміраў», і свой дарагі аналаг яго зусім не усхваляваў.

Паводле інфармацыі «Ежедневника», цяпер абавязкі кіраўніка «Мінск-Крышталя» выконвае галоўны інжынер Яўген Суперфін.

Інфармацыя па справе

Леанід Кучаравы нарадзіўся 5 сакавіка 1959 у горадзе Клімавічы. Мае дзве вышэйшыя адукацыі — скончыў Магілёўскі тэхналагічны інстытут і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Працаваў у «Клімавічспіртпраме». На мінскім «Крышталі» — са жніўня 1984. Прайшоў шлях ад майстра да генеральнага дырэктара.

На пасаду генерала РУП «Мінск-Крышталь» прызначаны 11 лістапада 2002 года. Да гэтага займаў пасаду намесніка галоўнага інжынера.