Расіяне масава скупляюць тавары ў крамах Гомеля

Вывозіць прадукцыю расіянам можна без абмежаванняў — на мяжы няма мытнага кантролю.

11.07.2011 / 07:41

Жыхары Бранскай вобласці масава скупляюць беларускія тавары ў магазінах Гомеля. Напрыклад, 9 ліпеня на аўтастаянцы каля гіпермаркета «Лінія», які належыць расійскай карпарацыі «Грын», амаль палова аўтамабіляў былі з нумарамі 32-га рэгіёну Расіі
 — Бранскай вобласці. Прыязджаюць у Гомель за прадуктамі з Новазыбкава, Клінцоў, Бранска.

«Усё купляем, таму што ў вас танней у паўтара-тры разы, і курс абмену выгадны. Бяром муку, малочныя і мясныя прадукты.

Мука таннейшая ў тры разы, у паўтара-два разы — мясныя і малочныя прадукты,
 — сказаў БелаПАН жыхар Бранскай вобласці. — Я ўпершыню ў Гомелі, знаёмыя параілі прыехаць, многія сем’і закупляюцца ў вас, бо выгадна».

Вывозіць прадукцыю расіянам можна без абмежаванняў — на мяжы няма мытнага кантролю.

Паводле афіцыйных звестак, абнародаваных на пленарнай нарадзе ў Гомельскім аблвыканкаме, расіяне скупляюць у гомельскіх магазінах да 10% прадуктаў. Жыхары Гомельскай вобласці, у сваю чаргу, вывозяць прадукты ў Бранскую вобласць для рэалізацыі.