Спрошчаная рэгістрацыя мапедаў толькі да 1 жніўня

11.07.2011 / 07:44

Да 1 жніўня дзейнічае ўстаноўлены пастановай урада Беларусі спрошчаны парадак рэгістрацыі мапедаў, нагадвае ўпраўленне Дзяржаўтаінспекцыі МУС.
Ён дазваляе паставіць на ўлік любы мапед, які мае ідэнтыфікацыйны нумар, пры поўнай адсутнасці дакументаў на яго. У такіх выпадках (пры адсутнасці праваўстаноўчых дакументаў і (або) дакументаў, выдадзеных мытнымі органамі) уводзяцца абмежаванні, якія забараняюць зняцце мапеда з уліку на працягу трох гадоў, у мэтах выключэння перадумоў учынення крадзяжоў (угонаў).

Пры наяўнасці мытных дакументаў на мапед, якія пацвярджаюць увоз транспартнага сродку на тэрыторыю Беларусі, абмежаванні на зняцце мапедаў з уліку накладвацца не будуць.

Пры гэтым у ДАІ папярэджваюць,

што самаробкі на ўлік не ставяцца.
Кожны транспартны сродак будзе агледжаны. Супрацоўнікі міліцыі правераць наяўнасць нумара завода-вытворцы і заводскай мадэльнай таблічкі (налепкі), гэта значыць ідэнтыфікуюць транспартны сродак.

Жыхарам сельскай мясцовасці дастаткова звярнуцца ў ДАІ па месцы жыхарства, дзе правядуць ідэнтыфікацыю транспартнага сродку і выдадуць акт агляду. Затым з дакументамі трэба звярнуцца ў рэгістрацыйна-экзаменацыйнае аддзяленне ДАІ і паставіць мапед на ўлік.

Пры дзяржаўнай рэгістрацыі мапеда або зняцці яго з уліку ДАІ ажыццяўляецца праверка транспартнага сродку на прадмет знаходжання ў вышуку.

Пасля 1 жніўня рэгістрацыя мапедаў будзе рабіцца на агульных падставах пры падачы поўнага пакета дакументаў, вызначанага заканадаўствам.