Хвораму на рак ужывілі штучны орган

11.07.2011 / 09:32

Зробленая першая ў свеце аперацыя па перасадцы штучнай трахеі.

Італьянская хірург, прафесар Паола Мак’ярыні правёў першую ў свеце паспяховую аперацыю па перасадцы штучнай трахеі ў Каралінскім універсітэцкім шпіталі ў Швецыі.

36-гадовы анкалагічны хворы ўжо страціў усякую надзею на акрыянне — яго пухліна не рэагавала на хімія-і радыётэрапію, расла і ў выніку перакрыла дыхальныя шляхі. Гэтая аперацыя была для яго адзіным і апошнім шанцам выжыць.

Трахея была вырабленая па трохмернай мадэлі горла пацыента з адмысловага нанакампазіцыйнага матэрыялу ў лабараторыі Лонданскага ўніверсітэцкага каледжа.

Затым трахею прывезлі ў Швецыю і змясцілі ў раствор, які ўтрымлівае ствалавыя клеткі, атрыманыя з касцявога мозгу пацыента. Штучную мадэль уставілі на месца пашкоджанага пухлінай горла.

Цяпер пацыент папраўляецца.