«Світанак» будзе шыць для Valentino

А таксама для MEXX і Adidas.

11.07.2011 / 10:06

ЗАТ «Аршанская прамыслова-гандлёвая фірма «Свiтанак» будзе вырабляць вырабы для Valentino, MEXX і Adidas,
расказала дырэктарка прадпрыемства Людміла Кузняцова.

Паводле словаў Ларысы Кузняцовай, перш чым даручыць выкананне сваіх замоваў аршанскім швачкам, замежныя партнёры правялі аўдыт прадпрыемства і сур’ёзна праверылі яго абсталяванне, кваліфікацыю персаналу і нават вывучылі забяспечанне сацыяльных гарантый калектыву.

У мадэрнізацыю і тэхнічнае перааснашчэнне за апошнія тры гады прадпрыемствам інвеставана каля 1 мільярда рублёў. Сродкі пайшлі на набыццё спецыяльнага швейнага абсталявання, закуп спецыялізаваных праграм для канструявання адзення.

Па выніках працы ў студзені-чэрвені тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах склаў 163,3%, прадукцыйнасці працы — 163,3%. Тэмп росту экспарту паслуг на прадпрыемстве па выніках студзеня-чэрвеня склаў 190,6%. Экспартавана тавараў на 3,3 млн даляраў, тэмп росту экспарту склаў 178,9%. Дадатнае сальда замежнага гандлю перавысіла 1,5 млн даляраў. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі ў студзені-маі склаў 756,4 млн рублёў.

ЗАТ ОПТФ «Свiтанак» спецыялізуецца на шыцці дзіцячай вопраткі і паслугах па вытворчасці адзення. Статутны фонд складае 2520 млн рублёў. Удзельнікамі ЗАТ з’яўляецца 951 фізічная асоба, з якіх 451 працуе на прадпрыемстве, 500 — былыя работнікі. Максімальная доля аднаго акцыянера ў статутным фондзе — 0,76%.