Вяртанне ў краіну Залюстроўя
Каб зразумець, што на радзіме нешта не так, варта з’ехаць за мяжу на два тыдні.
11.07.2011 / 10:16
Каб зразумець, што на радзіме нешта не так, варта з’ехаць за мяжу на два тыдні.
«Мяняем рублі на даляры, еўра, грыўні!» Цягнік «Сімферопаль-Мінск», украінска-беларуская мяжа. Услед за памежнікамі і мытнікамі па вагонах ходзяць валютчыкі. Абмен беларускіх рублёў на замежную валюту — кан’юнктурная навінка сезону. У 2007 годзе па дарозе на Азоўскае мора я не бачыў такога. Валютчыкі былі, але не на самай мяжы. І яны не прапаноўвалі нічога акрамя грыўні. Чатыры гады таму многае было інакш. Цяпер, каб зразумець, што на радзіме нешта не так, варта з’ехаць за мяжу на два тыдні. І неабавязкова далёка, дастаткова Украіны.
Тады, у 2007-м, Марыупаль уразіў горамі смецця і нізкімі заробкамі месцічаў. Той, хто не быў заняты на металургічных прадпрыемствах, у літаральным сэнсе выжываў за кошт турыстаў.
Вяртаючыся ў хірургічна чысты Мінск, я тады сутыкнуўся з дзіўным пачуццём лёгкай перавагі над украінцамі. Беларусь узору 2007-га раптам падалася мне больш заможнай і, прабачце, стабільнай.Цяпер заробкі і пенсіі ў Беларусі і Украіне параўняліся.
Сёлетняя вандроўка ў Крым нарадзіла якасна іншыя ўражанні. Дзясятак дзён, праведзеных ледзь не ў ідэальным інфармацыйным вакууме, зрабілі сваю справу. Па дарозе дамоў, дарваўшыся да інтэрнэту, чытаў навіны невялікімі порцыямі. «Афіцыйна забараніў продаж валюты…», «пляскаць у ладкі толькі ветэранам» — навіны, што мераліся адна з адной ступенню абсурднасці, проста прыгаломшвалі. Хвалёны беларускі рай!
Украінскі віцэ-прэм’ер Цігіпка не вылазіць з тэлевізара, да хрыпаты даказваючы неабходнасць радыкальных зменаў у пенсійнай сістэме, а ў нас далёка не кожны ведае, хто такі Мясніковіч.Міжволі пачынаеш адчуваць сябе жыхаром Залюстроўя.
У Ялце са мной здарыўся такі выпадак. Я пайшоў наведаць санаторый «Энергетык», у якім школьнікам адпачываў сямнаццаць гадоў таму. Тады мы жылі ў невялікім корпусе недалёка ад узбярэжжа, у сталоўку хадзілі праз масток у большы корпус. Зайшоў у двор, падрыхтаваў фотаапарат. Тут амаль нічога не змянілася за два дзесяцігоддзі. Тыя ж абшарпаныя сцены, старыя аканіцы. «Што вы тут фатаграфуеце?» — учэпістым позіркам мяне свідравала жанчына ў халаце. Са словамі, што аднойчы яна ўжо затрымала замежнага шпіёна, яна адвяла мяне да ахоўніка. «Вы фатаграфавалі аб’ект, таму мы мусім запісаць вашы звесткі». На мае словы пра 17 год адказала, што 15 гадоў адпрацавала ў крымінальным вышуку. Выйшаў на вуліцу, перайшоў канал па мастку, апынуўся каля другога корпуса санаторыя. І не пазнаў яго. Побач з’явіўся навюткі фантан, у будынку адчынілі кавярню, краму акварыумных рыбак… Пра савецкае мінулае нагадвае хіба ляпніна на фасадзе. Гэты дысананс навёў на адну думку.
Апошнія месяцы Беларусь з асаблівай хуткасцю аддаляецца ад суседзяў. І ўсё больш ператвараецца ў стары савецкі санаторый, якім кіруюць людзі з крымінальна-вышуковым мінулым.