6 гадоў узмоцненага рэжыму за спробу абрабаваць банк
11.07.2011 / 10:54
Гэтая гісторыя пачалася 4 сакавіка. У Дзень міліцыі ў Пружанах па вуліцы Набярэжнай было абрабаванае аддзяленне «Беларусбанка».Вестка хутка абляцела ўсю рэспубліку. Па гарачых слядах злачынцу арыштаваць не ўдалося. І толькі роўна праз месяц супрацоўнікі Пружанскага РАУС затрымалі падазраванага. Адбылося гэта дзякуючы пільнасці касіра аддзялення «Беларусбанка» ў Слабудцы, якая сярод наведнікаў заўважыла хлопца, які па прыкметах быў вельмі падобны да таго, які ўчыніў дзёрзкі напад у Пружанах. З дапамогай сведкаў было высветлена, на якой машыне паехаў падазравны. Па базе дадзеных высветлілі, што транспарт належыць жыхару горада Кобрына. Падчас следства малады чалавек даў прызнальныя паказаннні.
Кропку ў гэтай сумнай гісторыі паставіў суд Пружанскага раёна. На лаве падсудных апынуўся раней не судзімы малады чалавек 1990 года нараджэння. Што ж прымусіла яго пайсці на такі крок лёгкай здабычы грошай?
Васіль Панкавец разам з сястрой выхоўваўся ў добрай сям’і. Бацька займаўся ўласнай справай, звязанай з аўтасэрвісам. Маці вяла дамашнюю гаспадарку. З чатырнаццаці гадоў Васіль ужо дапамагаў бацьку на працы. Не было ў хлопца ніякіх праблем і ў школе. Характарыстыка, выдадзеная навучальнай установай, станоўчая.
Пасля заканчэння школы хлопец працягваў працаваць разам з бацькам. У жніўні мінулага года набыў сабе аўтамабіль
Як прызнаўся падчас судовага паседжання падсудны, ідэя гэтая ўзнікла пад уплывам фільмаў і інфармацыі ў інтэрнэце.
Пружаны Васіль ведаў, бо раней з сябрамі прыязджаў у Лядовы палац. Да таго ж быў ён тут і 3 сакавіка, калі прыязджаў па сваіх аўтамабільных справах. Прычым сустракаўся з чалавекам, які жыве ў доме па вуліцы Набярэжнай.
Дзень 4 сакавіка выдаўся хмарным. Неспакойна на душы было і ў Васіля Панкаўца. Даехаўшы да вёскі Астромічы ў шасці кіламетрах ад Кобрына, вырашыў вярнуцца назад. Але потым усё ж перасіліў сябе і накіраваўся ў бок Пружан. У багажніку аўтамабіля ляжалі пальчаткі і цацачны пісталет.
У аддзяленні «Беларусбанка» па вуліцы Набярэжнай у той дзень працаваў адзін касір. Краем вока жанчына заўважыла, што ў памяшканне зайшоў юнак у куртцы з капюшонам і чорных акулярах. Твар яго быў закрыты шалікам.
— Вы так падобны да рабаўніка, — сказала касір.
— А я і ёсць рабаўнік, — адказаў Васіль.
У работніцы банка ўзнікла думка, што гэта вар’ят. У далейшым яна дзейнічала згодна з інструкцыямі наконт такіх выпадкаў. Прапанавала незнаёмцу беларускія грошы. Ад дробных купюр мужчына адмовіўся. Калі ж касір пачала падаваць купюры большай вартасці, Васіль дастаў
Падчас судовага паседжання абвінавачванаму было зададзенае пытанне:
— А што было б, калі б касір адмовілася аддаваць грошы?
— А нічога не было б, я пакінуў бы памяшканне банкаўскай установы, — адказаў ён. Вось так усё проста і гладка.
Пасля «ўдалай аперацыі» Васіль разлічыўся з пазыкамі са сваім знаёмым. Спаліў вопратку, у якой ездзіў у Пружаны. Здавалася, усё будзе ціха. Але нездарма кажуць, што злачынцу цягне на месца злачынства. Напэўна, так і здарылася ў нашым выпадку. Зусім невыпадкова малады чалавек апынуўся ў Слабудцы. Дарога ў Пружаны яго нібы прыцягвала да сябе. Але колькі вяровачцы не віцца, канец будзе.
А канец гісторыі вельмі сумны. Прысуд суровы: шэсць гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыя маёмасці. Зразумела, што былі слёзы бацькоў і блізкіх людзей. Восенню Васіль планаваў згуляць вяселле са сваёй дзяўчынай. Але яго давядзецца адкласці да лепшых часоў.
У гэтай нявыдуманай гісторыі шмат людскога гора. Няхутка загояцца раны ў сям’і Панкаўцоў. Але мы заўжды павінны ставіць пытанні: хто вінаваты і што рабіць? Няхай на іх кожны знойдзе свой адказ самастойна. А гісторыя гэта павінна паслужыць добрым урокам для іншых маладых людзей.