Агент у цывільным у Брэсце выйшаў на Плошчу ў майцы з надпісам «Смярдзючая справа»

Персанаж моцнага целаскладу — у белай майцы і сініх джынсах — прадстаўляў невядома якую структуру.

11.07.2011 / 11:59

Праглядаючы фота з апошняй «маўклівай» серады ў Брэсце (6 ліпеня), зробленыя мясцовымі рэпарцёрамі і рассыпаныя па інтэрнэце, раптам звярнуў увагу на «ўніформу» аднаго з тых, хто ўдзельнічаў у затрыманні людзей на рагу вуліц Савецкай і Будзённага, насупраць кінатэатра «Беларусь».

Персанаж моцнага целаскладу — у белай майцы і сініх джынсах — прадстаўляў невядома якую структуру.

Паколькі быў ён без формы праваахоўніка, а дакументаў, вядома, не паказваў тым, каго затрымліваў, то застаецца толькі гадаць, чаму гэтае інкогніта надзела майку з ярка-чырвоным надпісам «СМЯРДЗЮЧАЯ СПРАВА».
Так-так, менавіта так перакладаецца тэкст на яго грудзях — «STINKY BUSINESS».

Каб праверыць сябе, зазіраю ў англа-рускі слоўнік: stinky {прым.} (Таксама: cruddy, squalid, nauseous, repugnant) — вонючий, отвратительный. Іншых значэнняў не прыводзіцца. У беларускім слоўніку — смярдзючы. У англа-ўкраінскім пераклад аналагічны: смердючий.

Зусім не хачу пакрыўдзіць чалавека, які носіць гэтую майку, і кінуць цень на праваахоўнікаў, у шэрагах якіх ён, мабыць, лічыцца.

Давер да іх і так ужо ўпаў катастрафічна праз тое, што ім даводзіцца выконваць «невядома што». Спыняць, лавіць, стаяць у дзіўных ачапленнях плошчаў, заступаць рух на пешаходных вуліцах — замест барацьбы з рэальнай злачыннасцю.

А пішу гэта для таго, каб справа, якім закліканая займацца міліцыя, была без прыстаўкі stinky. І каб народ не быў аддзелены ад міліцыі турнікетамі, шчытамі і гумовымі дубінкамі.