Суд у Гомелі апраўдаў невіноўнага ў збыце наркотыкаў. Міліцыянт, які сфальшаваў, загінуў на паляванні
Балуеў правёў доўгія гады ў турме.
26.07.2011 / 09:57
Гамяльчук Канстанцін Балуеў, раней судзімы за збыт наркотыкаў па крымінальнай справе, сфальсіфікаванай міліцыянерамі, поўнасцю апраўданы.
Рашэнне прызнаць маладога чалавека невінаватым і поўнасцю апраўдаць прыняў 25 ліпеня суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Алег Шапіра.
Абвінавачваны быў вызвалены ў зале суда. «Я рады, вядома, але нават не чакаў апраўдальнага прыгавору пасля таго, што са мной адбылося. Я не вінаваты, але правёў у турме гэтулькі часу па лжывым абвінавачанні», — заявіў Балуеў пасля вызвалення.
Тое, што справа была сфальсіфікавана міліцыяй, устанавіла расследаванне, праведзенае паўторна пракуратурай. У маі 2011 года прэзідыум абласнога суда прыгавор у дачыненні да Балуева адмяніў, а справу накіраваў на новы судовы разгляд.
Балуеў абвінавачваўся ў тым, што ў маі 2006 года збыў амфетамін жыхару Гомеля. За збыт наркотыкаў яго прыгаварылі да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Расследаванне пракуратуры паказала, што гэты грамадзянін не купляў наркотыкі ў Балуева — ён атрымаў і грошы, і амфетамін у супрацоўнікаў міліцыі для правядзення кантрольнага закупу.Потым грошы ён вярнуў міліцыянерам, як і наркотыкі, і даў паказанні, што купіў наркотыкі ў Балуева. Праверачны закуп, такім чынам, быў сфальсіфікаваны міліцыянерамі. Пазней грамадзянін прызнаўся, што даў ілжывыя паказанні пад прымусам міліцыянера. У гэтым прызнаўся і другі грамадзянін, які ўдзельнічаў у апазнанні Балуева.
Панятая, якая прысутнічала падчас правядзенні
Пракуратура таксама ўстанавіла, што фанаграма перамоў паміж пакупніком і прадаўцом наркотыкаў мае прыкметы мантажу і што купец наркотыкаў у момант нібыта куплі зелля знаходзіўся зусім у іншым месцы.
Міліцыянер, які сфабрыкаваў справу, у студзені 2008 года загінуў на паляванні ад ранення ў галаву. Ён выходзіў з аўтамабіля і трымаў зараджаную зброю дулам уверх. Верагодна, выпадкова націснуў на спускавы курок.
Паводле слоў маці Канстанціна Балуева, справа яе сына не адзіная, сфабрыкаваная міліцыянерамі. Яна паведаміла, што ў раённых судах Гомеля цяпер праходзяць слуханні некалькіх крымінальных спраў за збыт наркотыкаў па зноў адкрытых акалічнасцях, выяўленых пры праверках пракуратурай і КДБ.