У ЗША дэфолту не будзе: Абама і апазіцыя дасягнулі кампрамісу
Барак Абама абвесціў: столь доўгу паднімуць, але і дзяржаўныя выдаткі скароцяць. Старэнне насельніцтва стварае вялізную нагрузку на бюджэты краін Захаду.
01.08.2011 / 09:13
Барак Абама абвесціў: столь доўгу паднімуць, але і дзяржаўныя выдаткі скароцяць.
Прэзідэнт ЗША абвесціў увечары ў нядзелю аб дасягненні кампрамісу з рэспубліканцамі ў кангрэсе па параметрах закона аб узняцці столі дзярждоўгу.Гэта прадухіліць дэфолт па абавязацельствах амерыканскага ўрада. Ён мог надысці ўжо 2 жніўня.
«Абедзве партыі — рэспубліканцы і дэмакраты — дасягнулі пагаднення, якое зніжае дэфіцыт і адводзіць ад нас ад пагрозы дэфолту, — сказаў Абама. — Узняцце столі дзярждоўгу завершыць гэты крызіс і развее хмары над эканомікай ЗША».
«Аднак работа яшчэ не скончана. Я хачу заклікаць кангрэсмэнаў і сенатараў абедзвюх партый падтрымаць гэты кампраміс», — адзначыў прэзідэнт ЗША.
Дасягнутае пагадненне скароціць выдаткі бюджэту на $2,4 трыльёна.Дэталі скарачэння бюджэту вырашаць разам выканаўчая ўлада і апазіцыя, якая кантралюе палату прадстаўнікоў.
Выступ прэзідэнта ЗША працягваўся не больш за пяць хвілін, ён адмовіўся адказваць на пытанні журналістаў.
Нягледзячы на дасягненне кампрамісу паміж Абамам і лідэрамі кангрэса, адпаведнае заканадаўства неабходна яшчэ зацвердзіць у абедзвюх палатах заканадаўчага органа. Гэта складаны працэс, бо заканадаўцы кіруюцца інтарэсамі сваіх выбарцаў, якія часам розняцца.
Дэфолт мог бы прывесці да непрадказальных узрушэнняў у сусветнай эканоміцы, накшталт дэпрэсіі
Старэнне насельніцтва стварае вялізную нагрузку на бюджэты краін Захаду. У рознай ступені праблема дэфіцыту ўласціва таксама краінам Еўропы.Перавага старэйшых людзей сярод выбарцаў стварае праблему для дэмакратычна абраных уладаў. Для вырашэння праблемы дэфіцыту трэба прымаць захады, якія не могуць быць папулярнымі сярод пенсіянераў.