Пракурор Швед: віцебскія тэрарысты дзейнічалі самастойна

Папярэдняе расследаванне па справе аб тэракце ў мінскім метро завершана.

01.08.2011 / 16:18

Завершана папярэдняе расследаванне па справе аб тэракце ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года, а таксама аб выбухах у Мінску 4 ліпеня 2008 года і ў Віцебску 15 і 22 верасня 2005 года.

Вадзім Цюцюноў на "Кастрычніцкай" 11 красавіка атрымаў шматлікія пераломы ног і асколачныя раны. Як толькі Вадзім Мікалаевіч змог самастойна перасоўвацца, ён панёс кветкі да "Кастрычніцкай".

Пра гэта паведаміў журналістам 1 жніўня намеснік генеральнага пракурора Беларусі, кіраўнік следчай групы Андрэй Швед.

1 жніўня матэрыялы справы — больш за 550 тамоў — перададзены пракурору для накіравання ў суд. Хутчэй за ўсё, справа будзе слухацца ў Вярхоўным судзе.

Паводле слоў Шведа, Кавалёву ставяць у віну больш за 15 эпізодаў злачыннай дзейнасці, звязанай з удзелам у акцыі тэрарызму ў мінскім метро, незаконным абаротам выбуховых рэчываў, неданясеннем пра злачынства, укрывальніцтвам прылады злачынства.

Канавалаву ставяць у віну 30 эпізодаў злачыннай дзейнасці, у тым ліку чатыры акты тэрарызму, незаконны абарот выбуховых рэчываў, асабліва злоснае хуліганства, наўмыснае пашкоджанне маёмасці. Максімальнае пакаранне, прадугледжанае арт. 289 КК (тэрарызм), — смяротная кара.

Як адзначыў Швед, з першых дзён расследавання падазроным, а затым — абвінавачваным была дадзена абарона.

Хадайніцтваў, скаргаў і заяў з іх боку і з боку адвакатаў не паступала.

Намеснік генпракурора паведаміў: падчас расследавання крымінальнай справы, аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў не было выяўлена ўскосных сведчанняў таго, што за абвінавачанымі стаялі якія-небудзь спонсары ці замоўцы.

«Канавалаў і Кавалёў дзейнічалі самастойна», — сказаў ён.

Паводле слоў Шведа, першае злачынства было ўчынена ў 2000 годзе. На рахунку абвінавачаных — 15 забітых і сотні пакалечаных; урон ад іх дзеянняў перавысіў 2 мільярды рублёў, заявіў намеснік генпракурора.

Ён адзначыў, што нічога незвычайнага ў даце 11 красавіка 2011 года (дзень учынення тэракта ў мінскім метро) няма. «Злачынства магло быць учынена як 10-га, так і 12 красавіка. 11 красавіка тэракт быў учынены Канавалавым і Кавалёвым у сілу збегу акалічнасцяў», — сказаў Швед.

Намеснік генпракурора падкрэсліў: н

іякай сувязі паміж абвінавачанымі аб выбуху ў мінскім метро і нарвежскім тэрарыстам Андэрсам Брэйвікам «няма і быць не можа».
«Гэта журналісцкая качка», — дадаў Швед.