У ЗША выпрабаванні новага звышгукавога беспілотніка скончыліся няўдачай

12.08.2011 / 09:41

Камандаванне ВПС ЗША страціла кантакт з запушчаным у чацвер эксперыментальным беспілотным самалётам Falcon HTV-2, прызначаным для палётаў з хуткасцю, у 20 разоў большай за хуткасць гуку, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на Пентагон.

HTV-2 быў запушчаны з авіябазы Вандэнберг у Каліфорніі на ракеце і паспяхова аддзяліўся ад яе, каб спланаваць уніз і зваліцца ў Ціхі акіян. Аднак праз 26 хвілін пасля пачатку палёту кантакт з апаратам быў страчаны.

Falcon HTV-2 з 2003 года распрацоўваецца ў рамках праграмы Пентагона, якая мусіць забяспечыць магчымасць нанясення «хуткага глабальнага ўдару» — атакі цэляў па ўсім свеце цягам адной гадзіны звычайнай або ядзернай зброяй, і прызначаны для палётаў у верхніх пластах атмасферы.