Беларускі Мінюст развярнулі на мяжы з Літвой
Намесніца міністра Ала Бодак аказалася ў спісе невыязных, як і суддзя Вярхоўнага суда Аляксей Рыбакоў і двое дэпутатаў.
12.08.2011 / 09:49
Намесніца міністра юстыцыі Беларусі Ала Бодак і некалькі іншых высокапастаўленых чыноўнікаў не былі прапушчаныя праз беларуска-літоўскую мяжу.
Як паведаміла літоўскае тэлебачанне, Бодак уключана ў складзены ЕС спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС.
Таксама літоўскія памежнікі развярнулі суддзю Вярхоўнага суда Аляксея Рыбакова і дваіх дэпутатаў. Аднак у Літву прыбыла група іншых чыноўнікаў, сярод якіх прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры і міністэрства ўнутраных спраў.
Візіт быў запланаваны на 9-12 жніўня, падчас яго беларускія чыноўнікі намерваліся азнаёміцца з метадамі, якія ўжывае Літва ў барацьбе з наркаманіяй.