Сталонэ прэміявалі за забойства брата
Фантастычны баявік "Судзьдзя Дрэд"
Сталонэ носіць Вэрсачэ і забівае брата-мутанта...
16.01.2007 / 08:19
Ганаровы Рэмба Сыльвэстар Сталонэ добра сябе адчувае ў фантастычных баевіках. У постапакаліптычнай карціне «Судзьдзя Дрэд» герой Сталонэ зьяўляецца Судзьдзём, паліцэйскім і карнікам у адной асобе – згодна з законамі тагачаснага грамадзтва.
У далёкім прышлым зямля пераўтварылася ў атрутную пустыню. Людзі жывуць у гарадох, дзе пануе нечуваная злачыннасьць. Героя Сталонэ несправядліва абвінавачваюць у злачынстве – і выкідаюць за межы гораду. Былы судзьдзя Дрэд змагаецца зь дзікунамі і выкрывае змову з генэтычным экспэрымэнтам, ахвярай чаго ён сам і зьяўляецца. Па ходу прыйшлося засудзіць і новазнойдзенага брата-мутанта…
«Судзьдзя Дрэд» – баявік з годным узроўнем страляніны й дзеяньня. Дасьціпныя амэрыканцы вылучалі Сталонэ на прэмію «Залатая маліна» – за найгоршую ролю ў фільме. Але ці важны Станіслаўскі для баевіка? Аматарам фантастыкі даспадобы чысьціня жанру, адмысловыя эфэкты й грым.
А футурыстычныя касьцюмчыкі Судзьдзяў – ад Джані Вэрсачэ.
ЗША, 1995, каляровы, 95 хв.
Рэжысэр: Дэні Кэнан
Ролі выконваюць: Сыльвэстар Сталонэ, Арманд Асантэ, Дайэн Лэйн, Роб Шнайдэр, Юрген Прахноў, Макс фон Сюдаў
Жанр: Фантастычны баявік
Адзнака: 5 (з 10)