Алесь Кіркевіч: з турмы на волю

дадаўся тэкст

Нечаканае вызваленне, доўгі шлях да жонкі з Полацка ў сталіцу, даўно не бачаныя зоркі на шашы Віцебск - Мінск і Плошча Незалежнасці – першыя 12 гадзін з вольнага жыцця Алеся Кіркевіча – фотарэпартаж Сяргея Гудзіліна.

02.09.2011 / 09:30

Нечаканае вызваленне, доўгі шлях да жонкі з Полацка ў сталіцу, даўно не бачаныя зоркі на шашы Віцебск — Мінск і Плошча Незалежнасці — першыя 12 гадзін з вольнага жыцця Алеся Кіркевіча — фотарэпартаж Сяргея Гудзіліна.

Першыя гадзіны волі – чыгуначны вакзал у Полацку.

А другой гадзіне ночы па Кіркевіча прыехалі паплечнікі.

Алесь Кіркевіч пасля нечаканага вызвалення, Полацк.

Шаша Віцебск – Мінск, 3-я гадзіна ночы – Кіркевіч едзе сустракаць жонку.

Кароткі прыпынак на шляху, Кіркевіч доўга ўзіраецца ў зорнае неба – з-за кратаў зорак ён не бачыў даўно.

У машыне на цэнтральным праспекце Мінска.

Нашыўка з прозвішчам Алеся на турэмнай вопратцы – яе ён захапіў на памяць.

Плошча Незалежнасці -- першае месца, якое наведаў Кіркевіч у Мінску.

За плячыма – Дом урада.

Чыгуначны вакзал, Мінск.

У чаканні жонкі Надзеі.

Першае спатканне на волі.

Мядовы месяц, прыпынены арыштам Алеся, распачаўся для маладых ужо на пероне вакзала.

Пасля нечаканага вызвалення вечарам у чацвер Алесю Кіркевічу за дзясяткі хвілін удалося даехаць да Полацка, адкуль ён паведаміў родным і сябрам аб тым, што ён ужо на волі. Амаль адначасова з Мінску ў Полацк адправіліся паплечнікі Кіркевіча, а жонка Надзея пабегла на вакзал у Гродне, каб сустрэць мужа ў Мінску.

На чыгуначнай станцыі ў Полацку Алесь чакаў сяброў больш за тры гадзіны.

Пасля першай гадзіны ночы ў прывакзальную кавярню ўвайшла ўся дэлегацыя, што прыехала па Кіркевіча — Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка, Юрась Губарэвіч, Андрэй Кім.
Людзей сабралася на два аўто. Кароткі перапынак на гарбату зацягнуўся на некалькі гадзін. Алесь спрабаваў распавесці ўсё — пра ўмовы ўтрымання, людзей, з якімі сядзеў у Наваполацкай калоніі. Пра сустрэчы там з Саннікавым і Ліхавідам.
Пра напісанне прашэння аб памілаванні Алесь сказаў, што гэта не яго слабасць, а слабасць Лукашэнкі.

Навіна аб вызваленні сустрэла яго вечарам. На зборы далі паўгадзіны. «Нават развітацца з сукамернікамі нармальна не змог», — распавядзе потым Кіркевіч. Частку лістоў і кніг прыйшлося пакінуць у турме. Затое

з сабой Кіркевіч забраў турэмныя артэфакты — вопратку з сваім прозвішчам, вырабленую арыштантам асадку, футарал для лыжкі. Кажа, што ўсе гэта магчыма спатрэбіцца ў будучыні для заснавання ў Гродне прыватнага музею лукашэнкаўскіх рэпрэсій.

А трэцяй гадзіне машыны скіраваліся на Мінск. На кароткім прыпынку на шашы Віцебск — Мінск Алесь доўга ўглядаўся ў надзіва зорнае неба. Казаў, што даўно такога не бачыў — праз краты зорак у Наваполацку не было відаць. Наступныя дзе гадзіны па дарозе ў Мінск прайшлі ў эмацыйных расповедах Алеся пра наваполацкую турму. Ён чарговы раз пацвердзіў тэзу ўсіх адпушчаных палітвязняў аб тым, што

ў турме няма ніводнага, хто падтрымліваў бы дзейную ўладу.

Адразу па прыедзе ў Мінск Кіркевіч папрасіў завезці яго на плошчу Незалежнасці — тут гэта ўсё пачалося і цяпер у нейкім сэнсе і сканчаецца. На памяць аб арышце Алесь думаў пакінуць ля Дома ўрада сваю турэмную вопратку, але перадумаў. Відаць, ідэя музея лукашэнкаўскіх рэпрэсій — гэта сур’ёзна.

На вакзале ў Мінску Алесь сустрэў жонку Надзею, якая ўсю ноч ехала да яго з Гродна. Абдымкі і пацалункі перапынілі доўгае растанне. Перарваны арыштам Алеся мядовы месяц распачаўся для маладой сям’і наноў.

nn.by