Дзяржвандалы дабраліся да Пінску
У старажытным Пінску сабраліся зруйнаваць яшчэ ацалелыя там помнікі даўніны. На чарзе да небыцьця аказаліся старасьвецкія камяніцы па вуліцы Равецкай.
16.01.2007 / 22:36
З набліжэньнем вясны абуджаюцца ня толькі патагенныя вірусы. У галовах беларускага чынавенства абуджаецца сьверб вандалізму. У новых плянах на новы год — руйнаваньне здабыткаў дойлідзтва. Помнікаў і ня помнікаў. Таго, што хоць неяк нагадвае пра Беларусь да прэзыдэнцкага пэрыяду. Гэтак, у старажытным Пінску сабраліся зруйнаваць яшчэ ацалелыя там помнікі даўніны. На чарзе да небыцьця аказаліся старасьвецкія камяніцы па вуліцы Равецкай.
Старшыня габрэйскае супольнасьці Пінску Ёсіф Лібэрман паведаміў у бюлетэні «Прыбужжа» (№ 8), што Вольга Барысенка абяцала выбаршчыкам паркоўку асабістых аўтамабіляў блізу іх панэльных дамоў. Сёлета гэтая чыноўніца мусіць выходзіць на пэнсію. Але яна мае цьвёрды намер яшчэ папрацаваць, бо вылучылася ў дэпутаты Берасьцейскага аблсавету. Цяпер яе абралі.
Засталося толькі разбурыць колькі старасьвецкіх камяніцаў. А там…
Абураная гэбрайская грамада, абураныя рупліўцы старасьвеччыны, пінскія інтэлігенты й старажылы. Але справа, выглядае, вырашана. Лішне казаць, што звароты ў Міністэрства «культуры» марныя. Дэпутатка-архітэктарка мусіць трымаць слова!
Тамсама, у Пінску, зьбіраюцца зьнішчыць яшчэ адзін унікальны помнік нашае гісторыі — старасьвецкі вакзал, што быў адкрыты за царскіх часоў, 30 сьнежня 1884 году. Па вайне моцна пашкоджаны, старадаўні будынак быў радыкальна разбудаваны, але ў народзе па-ранейшаму зваўся «царскім». Мо й праз свой манумэнтальны палацавы выгляд. Цяпер ягонай рэканструкцыяй занялося мэліяратыўнае (!) акцыянэрнае таварыства «Пінсксаўгасбуд» (!?). Начальнік станцыі (!) «Пінск», Хведар Клімовіч канстатуе, што старадаўні імпазантны будынак стаў лядашчым, а таму яго трэба зьнішчыць дашчэнту й пабудаваць цалкам новы, паводле сучаснага тыпавога праекту. Паколькі начальнік станцыі Клімовіч безапэляцыйна сьцьвярджае, што Новы 2008 год «калектыў сустрэне ў будынку новага вакзалу», сумнявацца не даводзіцца. А Пінск пазбавіцца аднаго з найпрыгажэйшых сваіх помнікаў дойлідства, што мусіў бы сёлета адзначыць сваё 123-годзьдзе!
Цяжка сабе ўявіць, колькі тут перабывала ўсялякага народу. Сьветлая памяць…
Бадай, гэта адзінае, што нам застанецца пасьля эпохі герастратаў пачатку ХХІ стагодзьдзя.
Фота Міколы Хмялярскага, pinskhistory.by.ru.