Адзін з сыноў Кадафі адступіў ад бацькі

Саадзі Кадафі заявіў пра свой нейтралітэт у канфлікце.

05.09.2011 / 09:10

Саадзі Кадафі, сын былога дыктатара Лівіі Муамара Кадафі, зноў выйшаў на сувязь з тэлекампаніяй CNN і заявіў аб сваім нейтралітэце ў барацьбе паміж паўстанцамі з аднаго боку і сваімі братам і бацькам — з другога.

Ён распавёў, што не бачыў ні брата, ні бацькі ўжо прыблізна два месяцы.

Ён адзначыў, што знаходзіцца ў ваколіцах горада Бені-Валід, цэнтра племені варфала, што захоўвае вернасць Кадафі, але шмат перамяшчаецца ў апошні час, каб адчуваць сябе ў бяспецы.

Саадзі Кадафі вёў перамовы з прадстаўнікамі паўстанцаў, каб спыніць агонь. Аднак, калі ў сярэдзіне тыдня яго брат Сэйф уль-Іслам выступіў з агрэсіўным заклікам працягваць барацьбу, камандзіры паўстанцаў спынілі перамовы. Саадзі Кадафі падкрэсліў, што мае адрозненні са сваім бацькам і братам у ацэнках таго, што адбываецца ў Лівіі. Ён падкрэсліў, што выконвае нейтралітэт у канфлікце.

Саадзі быў прафесійным футбалістам, а пазней кантраляваў значную частку лівійскага бізнэсу.

Пратэсты супраць Кадафі пачаліся ў лютым. Калі спецслужбы рэжыму пачалі страляць у народ, яны перараслі ў паўстанне.

Сяргей Гезгала