Мясніковіч пагутарыў з Мядзведзевым

Сустрэча адбылася ў Душанбэ.

05.09.2011 / 09:45

Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч абмеркаваў з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы і пытанні па будаўніцтву АЭС, пра гэта паведаміў журналістам 3 верасня ў Душанбэ Міхаіл Мясніковіч.

«Сёння ў мяне адбыліся вельмі плённыя перагаворы з Дзмітрыем Мядзведзевым. Мы абмеркавалі практычна ўсе пытанні парадку дня, у першую чаргу беларусаў, — расказаў прэм’ер-міністр. — Гэта пытанні нафтагазавага комплексу. Будуць дадзены даручэнні, каб тыя дамоўленасці, якія дасягнуты на вышэйшым узроўні — прэзідэнтаў і кіраўнікоў урадаў, безумоўна, выконваліся адпаведнымі структурамі». Пакуль, паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, трэба канстатаваць, што маюць месца пэўныя тармажэнні.

Міхаіл Мясніковіч таксама абмеркаваў з Дзмітрыем Мядзведзевым пытанні будаўніцтва АЭС, узгодненай палітыкі пры выхадзе на адзіны абменны курс беларускага рубля, а таксама пытанні, звязаныя з работай з трэцімі дзяржавамі.