Някляеў заклікае даць Лукашэнку шанс
Калі думаць па-дзяржаўнаму, дык ужо сёння так і трэба зрабіць.
05.09.2011 / 10:06
Адна з галоўных палітычных падзей, якія чакаюцца ў верасні – саміт Усходняга партнёрства.
Для Беларусі гэтая падзея – без перабольшання – гістарычная. Дакладней, можа стаць такой, калі Лукашэнка зразумее, які ёсць для краіны шанс, якая ўзнікае перспектыва.
Упершыню з Беларуссю на роўных, як партнёр з партнёрам, мае намер весці дыялог аб'яднаная Еўропа.Толькі вось канкрэтна з кім?
Запрашэнне на саміт ні Лукашэнку, ні прадстаўнікам беларускай улады пакуль не напісана. І папера можа застацца чыстай, калі не будзе выкананае найпершае патрабаванне Еўразвязу: цалкам рэабілітаваць, без аніякіх умоў вызваліць усіх палітзняволеных.
Калі думаць па-дзяржаўнаму, дык ужо сёння так і трэба зрабіць. І тады – запрашэнне, тады саміт, шанс і перспектыва. Калі не – тады ніякіх перспектыў. Тады не шанс, а ШОС!
Такі вось выбар.
Бо саміт, удзел у праграме Усходняга партнёрства – гэта непараўнальна больш, чым шанс для Лукашэнкі. Гэта шанс для Беларусі, для нас і нашых дзяцей.Шмат хто кажа: нельга даваць Лукашэнку выбіраць. Навыбіраўся. Толькі ШОС! Я адказваю: не, шанс таксама.
У Еўразвязе ёсць меркаванне: абмежавацца ў звязку з сітуацыяй у Беларусі прысутнасцю на саміце прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. Гэта, канешне, ганарова, але куды болей за маральнае задавальненне мне хацелася б мець ад саміту рэальныя, практычныя вынікі. Дарэчы тут нагадаць, што
міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў пра пажаданасць прысутнасці на саміце беларускай дэлегацыі на высокім узроўні.Таму яшчэ раз падкрэсліваю: нельга цягнуць з вырашэннем праблемы палітзняволеных. Лік ужо ідзе на дні. Расчыніць дзверы турмы – гэта расчыніць дзверы ў еўрапейскую будучыню. Калі, канешне, нехта ва ўладзе, ва ўрадзе пра гэтую будучыню насамрэч дбае.