Мытны саюз будзе трансфармавацца ў нешта больш цеснае

05.09.2011 / 10:24

Мытнаму саюзу, у які ўваходзяць Расія, Казахстан і Беларусь, могуць быць дэлегаваныя наднацыянальныя паўнамоцтвы — кшталту Еўракамісіі ў Еўрасаюзе. Праект дамовы аб гэтым ужо падрыхтаваны, паведамляе «Эхо Москвы» са спасылкай на расійскую прэсу.

Рэформа органаў кіравання Мытным саюзам можа быць праведзена ў працэсе рэфармавання гэтай арганізацыі — адначасова з АДКБ. Як піша сёння газета «Коммерсант», саміт СНД, які прайшоў на днях у Душанбэ, прадэманстраваў, што для Масквы гэта структура больш не з’яўляецца ключавой — саступаючы месца якраз Мытнаму саюзу і Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. Пад кіраўніцтвам міністра прамысловасці РФ Віктара Хрысценкі падрыхтаваны праект дамовы аб камісіі МС, якой, як плануецца, будуць дэлегаваныя наднацыянальныя паўнамоцтвы. Гаворка ідзе аб прынцыпе, закладзеным у Еўракамісію. Як кажа высокапастаўленая крыніца «Коммерсанта», структура камісіі будзе двухузроўневай. Калегія з дзесяці чалавек з вопытам работы ў рангу міністраў і ўласна наднацыянальны орган з трох чалавек, у які ўвойдуць віцэ-прэм’еры трох дзяржаў. З расійскага боку кандыдатура ўжо вызначана — гэта першы віцэ-прэм’ер Ігар Шувалаў. Камісія, у прыватнасці, будзе мець права ўводзіць санкцыі супраць кампаній краін-сябраў Мытнага саюза — у тым выпадку, калі яны будуць здзяйсняць парушэнні.

Як піша «Коммерсант», у Маскве спадзяюцца ўзгадніць дамову ў кастрычніку на сустрэчы прэм’ераў краін Мытнага саюза ў Пецярбургу, а зацвердзіць у снежні на сустрэчы прэзідэнтаў «тройкі».