«Платформа» атрымала яшчэ адно пацвярджэнне масавага збівання зняволеных у івацэвіцкай калоніі

06.09.2011 / 11:09

Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Платформа» атрымала чарговае пацвярджэнне масавага збівання зняволеных у івацэвіцкай калоніі № 5 (Брэсцкая вобласць). Пра гэта БелаПАН паведаміў дырэктар «Платформы» Андрэй Бандарэнка.

Раней з просьбай аб дапамозе звярнулася маці асуджанага Раміза Мамедава, які знаходзіцца ў гэтай калоніі. «На сёння не ўсе дэталі паведамлення ўдалося праверыць, аднак дакладна вядома, што 27 ліпеня ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) супрацоўнікі калоніі жорстка збілі шасцярых зняволеных. Двое зняволеных былі дастаўлены ў гарадскую бальніцу, адзін з іх — на насілках. Астатнім пацярпелым дапамогу аказвалі ў калоніі», — паведаміў Бандарэнка.

«28 жніўня ўстанова „Платформа“ звярнулася ў Генпракуратуру Беларусі, дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) і ва ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС з патрабаваннем правесці дэталёвую праверку ўказаных фактаў і прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Ніякіх адказаў мы не атрымалі, затое атрымалі пацвярджэнне фактаў збівання. Гэта стала вядома з ананімнага тэлефанавання ў рэдакцыю „Радыё Свабода“. У тым, што зняволеных у івацэвіцкай калоніі збілі, мы ні на секунду не сумняваліся. Тэлефанаванне стала яшчэ адным пацвярджэннем», — сказаў Бандарэнка.

«Платформа» рыхтуе чарговую адозву ў Генеральную пракуратуру з гэтай нагоды. «Два сігналы сведчаць аб тым, што факт збівання быў. Таму мы патрабуем ад Генпракуратуры правесці не праверку, а дэталёвае расследаванне гэтай справы», — падкрэсліў Бандарэнка.

Ён адзначыў, што факт збівання Раміза Мамедава ўключаны ў зварот у Камітэт супраць катаванняў ААН. «Калі найбліжэйшым часам не пачнецца расследаванне, давядзецца дапаўняць зварот і бяздзейнасцю пракурорскіх органаў», — сказаў дырэктар «Платформы».

Паводле яго слоў, сёння няма дакументальнага пацвярджэння таму, якія менавіта цялесныя пашкоджанні былі нанесены асуджаным, у тым ліку няма пацвярджэння, што ў Мамедава была зламана ключыца. «Адміністрацыя будзе рабіць усё, каб утаіць гэты факт, а ДВП не дазволіць нам наведаць калонію. Тым не менш сам факт збіванняў схаваць не атрымаецца, і мы прыкладзем максімум намаганняў, каб вінаватыя ў злачынстве апынуліся побач з тымі, да каго яны прымянялі катаванні», — заявіў Бандарэнка.

Як раней паведамляў БелаПАН, у калоніі інфармацыю пра збіванне абверглі і назвалі яе не адпаведнай сапраўднасці.