Легалізацыя рынкавага курса: пробныя таргі на БВФБ запланаваны на 8 верасня

08.09.2011 / 01:06

Пробныя таргі ў межах падрыхтоўкі да адкрыцця дадатковай гандлёвай сесіі куплі-продажу замежнай валюты на Беларускай валютна-фондавай біржы (БВФБ) запланаваны на 8 верасня.

«Тэставыя таргі ўжо праводзяцца, а заўтра плануецца правесці тэставыя таргі з прыцягненнем шырокага кола ўдзельнікаў», — паведамілі БелаПАН на БВФБ.

Дата адкрыцця паўнавартаснай дадатковай гандлёвай сесіі афіцыйна яшчэ не ўстаноўлена,

але ў якасці найбольш верагоднай называюць 15 верасня.

Нагадаем, на нарадзе 30 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў аб прынцыповым рашэнні адкрыць у сярэдзіне верасня дадатковую сесію на біржы, падчас якой будзе вызначацца рынкавы абменны курс беларускага рубля. У далейшым кіраўнік дзяржавы паставіў задачу выйсці на раўнаважны курс, на падставе рынкавых прынцыпаў попыту-прапановы ва ўсіх сегментах валютнага рынку.

Нацыянальны банк Беларусі заяўляе пра намер ажыццяўляць толькі кропкавыя, кан’юнктурныя інтэрвенцыі на дадатковай гандлёвай сесіі. «Кан’юнктурныя ваганні будуць гасіцца інтэрвенцыямі Нацбанка. У цэлым жа, не поўнасцю, але ў асноўным, курс другой сесіі будзе вызначацца попытам і прапановай», — паведаміў 2 верасня журналістам першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Мікалай Лузгін.