Новы суд над Змітром Дашкевічам 13 верасня
Яму могуць змяніць умовы ўтрымання пад вартай на больш строгія.
09.09.2011 / 18:29
Адвакатцы Змітра Дашкевіча прыйшло паведамленне аб судовым пасяджэнні 13 верасня, паведаміла «НН» Наста Палажанка. Будзе разглядацца пытанне аб змене месца адбыцця пакарання для Змітра Дашкевіча як «злоснага парушальніка ўнутрангага рэжыма».
Гэта не новая крымінальная справа, а выключна разгляд аб пераводзе.
Ёсць верагоднасць, што Змітра перавядуць у турму «крытага» тыпу ў Гродна. Гэта больш строгае пакаранне. Калі ў калоніі вязень мае магчымасць выходзіць на чыстае паветра, хадзіць на працу, то ў «крытцы» ён увесь час знаходзіцца ў камеры.
Зміцер Дашкевіч — лідар «Маладога фронта», асуджаны на два гады зняволення, нібыта за бойку вечарам 18 снежня. Пакаранне адбывае ў Горацкай турме (Магілёўская вобласць).