Новы курс даляра на таргах — 8500 рублёў

Расійскі рубель цяпер каштуе 295 рублёў, а еўра — 12150 рублёў. Аб'ём таргоў трохі падрос.

15.09.2011 / 11:21

Новы курс даляра на дадатковай сесіі таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы склаў 8500 рублёў. У параўнанні з учора ён зменшыўся на 100 рублёў. Нацбанк паказальна ўзмацняе рубель.

Расійскі рубель цяпер каштуе 295 рублёў, а еўра — 12150 рублёў.

Крос-курсы парушаныя істотна. Еўра да даляра ацэнены як 1:1,42, у той час як на сусветных рынках прапорцыя складае 1:1,37–1,38.

Аб’ём таргоў далярам склаў $15,97 мільёна (прапанова — $16,04 мільёна, попыт — $15,23 мільёна).

Аб’ём таргоў расійскім рублём — 102,57 мільёнаў рублёў (прапанова — 106,7 мільёна, попыт — 100,36 мільёна)

Аб’ём таргоў еўра — 2,46 мільёна еўра (прапанова — 2,05 мільёна, попыт — 3,03 мільёна).

* * *

Курсы даляра ў абменніках за ноч трохі падраслі. Напрыклад, «Белсвісбанк» учора купляў/прадаваў даляры за 8200/8700. Сёння — 8400/8900.

Такая сама тэндэнцыя прасочваецца ў большасці банкаў. Але, скажам «Прыёрбанк» захаваў учарашні курс нязменным: 8350/8850.

Курс на сайце-абменніку Prokopovi.ch учора ўрэшце прыкладна выраўнаўся з біржавым: 8150/8850.

* * *

Як папярэджваў раней віцэ-прэм’ер Сяргей Румас, улада «будзе працаваць над тым, каб курс, з аднаго боку, быў рынкавым, а з іншага боку, прымальным для суб’ектаў гаспадарання і насельніцтва».

Напярэдадні ўвядзення дадатковай сесіі на біржы, Беларусь для стабілізацыі курса пазычыла ў Расіі яшчэ $1 млрд праз «Беларуськалій».

Ад пачатку года дэвальвацыя беларускага рубля складае 187%.

Дэвальвацыя прывяла да росту экспарту, але балюча ўдарыла па даходах людзей.

Тым самым сярэдні заробак у Беларусі знізіўся прыкладна да 220 даляраў. Гэта на чвэрць менш, чым у Малдове, на 50% ніжэй, чым ва Украіне. У Расіі сярэдні заробак вышэйшы ўтрая, а ў Польшчы — у 6 разоў.

ЯМ