Рынак планшэтных камп'ютараў у Беларусі ў 2012 г. дасягне 40-50 тыс. адзінак

Пры гэтым цяжка зрабіць дакладны аналіз стану сегментаў рынку камп’ютарнай тэхнікі ў Беларусі.

16.09.2011 / 09:27

Такую ацэнку зрабіў 15 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай прэзентацыі планшэтаў Prestigio, віцэ-прэзідэнт кампаніі ASBIS па Расіі і Беларусі Андрэй Касцевіч.

Паводле яго слоў, доля планшэтаў на беларускім рынку партатыўных камп’ютараў цяпер не дасягае 20%. Пры гэтым Касцевіч адзначыў, што цяжка зрабіць дакладны аналіз стану сегментаў рынку камп’ютарнай тэхнікі ў Беларусі.

Паводле меркавання эксперта, рынак планшэтных камп’ютараў у Беларусі будзе ўпэўнена развівацца. Разам з тым зніжэння кошту тэхнікі наўрад ці варта чакаць. «З выхадам новых прадуктаў і тэхналогій з’яўляецца новы, больш дарагі, прадукт. Хоць наяўныя лінейкі, безумоўна, стануць таннейшыя», — сказаў Касцевіч.

На яго думку,

попыт на падобныя прылады павінен узрасці са стабілізацыяй сітуацыі на валютным рынку краіны.

Як расказаў менеджар па прадуктах Prestigio Дзмітрый Калыбельнікаў, з канца верасня ў беларускую гандлёвую сетку паступіць новы планшэтны ПК Prestigio MultiPad з падтрымкай 3G. Дзякуючы гэтай тэхналогіі прылада забяспечвае доступ у інтэрнэт у любым месцы, дзе падтрымліваецца 3G-сетка. Планшэт дазваляе ажыццяўляць тэлефонныя званкі, аснашчаны ўбудаваным GPS-рэсіверам, 512 МБ аператыўнай памяці і 4ГБ унутранай памяці, якія можна павялічыць пры дапамозе карт microSD ёмістасцю да 32 ГБ. Меркаваная цана складзе 429 долараў у эквіваленце.

Планшэты плануецца прадаваць у тым ліку ў супрацоўніцтве з аператарамі сотавай сувязі. Папярэднія перамовы па гэтым пытанні ўжо праведзеныя з двума найбуйнейшымі беларускімі мабільнымі аператарамі.

***

Заснаванае ў 1993 годзе, на сённяшні дзень СЗАТ «АСБІС» з’яўляецца адной з вядучых кампаній IT- індустрыі Беларусі.

СЗАО «АСБІС» уваходзіць у міжнародны холдынг ASBISc Enterprises Plс, які з’яўляецца найбуйнейшым дыстрыб’ютарам IT-прадуктаў у Еўропе, на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы (EMEA). Холдынг складаецца з 33 лакальных офісаў у 26 краінах, якія пастаўляюць IT-прадукты ў 75 краін.