IKEA пабудуе завод у Свіслацкім раёне

16.09.2011 / 09:41

На наступным тыдні стане вядомае размяшчэнне ўчастка для будаўніцтва дрэваапрацоўчага завода IKEA ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці.

Як паведаміў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі, у жніўні ў Рэспубліцы Польшча адбылося падпісанне дамовы са шведскай фірмай IKEA на будаўніцтва ў Свіслацкім раёне дрэваапрацоўчага завода. Аналагічны аб’ект функцыянуе за 150 кіламетраў ад Варшавы. З падпісаннем дамовы праект запушчаны ў працу. На першым этапе будзе пабудаваная лесапільня, затым — цэх па перапрацоўцы драўніны і цэх па вытворчасці мэблі. Бакі зацікаўленыя ў хуткім запуску завода, пры гэтым упор робіцца на узаемавыгаднае супрацоўніцтва. Паводле папярэдніх дадзеных, пачатак будаўніча-мантажных работ прызначаны на сакавік-красавік 2012 года.

Нагадаем, што гэта не першае будаўніцтва дрэваапрацоўчага завода ў Беларусі кампаніяй IKEA. Яшчэ ў пачатку года было дасягнутае пагадненне аб будаўніцтве прадпрыемства ў СЭЗ «Магілёў». Інгвар Нільсан заявіў тады, што шведскі канцэрн яшчэ некалькі гадоў таму разглядаў магчымасць прыходу ў Беларусь.

«Мы працавалі над гэтым пытаннем. Але мы хацелі разам з гандлем наладзіць вытворчасць, каб мінімізаваць транспартныя выдаткі. Але мы не змаглі дамовіцца з вашымі ўладамі»,
 — адзначыў ён. Паводле словаў прадстаўнікоў кампаніі, прыйсці ў Беларусь без вытворчасці перашкаджаюць высокія мыты на мэблю.

Інгвар Нільсан не выключыў, што будучае будаўніцтва буйных дрэваапрацоўчых комплексаў у Беларусі стане першым крокам для прыходу IKEA ў Беларусь.