Беларусы зарабляюць ужо менш за ўзбекаў
Латвійская пенсія ў 1,7 разу больш за сярэднебеларускую зарплату. Нават у Грузіі зарплата ў 2 разы перавышае беларускую.
16.09.2011 / 10:23
Пералічыў зарплаты ў суседніх краінах не ў грыўнях, злотых, літах і іншых тэнге, а ў беларускіх рублях (па курсе даляра 8 тысяч). Так нашмат цікавей параўноўваць.
Нагадаю вам сярэднеўсебеларускую зарплату — 1 854 500 рублёў у ліпені.
Больш за ўсіх зарабілі ў чэрвені эстонцы — амаль 11 мільёнаў. Чэрвеньскі заробак эстонца за адзін толькі месяц вырас на 636 (!) тысяч рублёў, а з мінулага года на… 1 452 тысячы рублёў — амаль на ўсю сярэднебеларускую, ага. Чамусьці цэны на прадукты ў Эстоніі ў жніўні… знізіліся на 1% (у Беларусі — плюс 9,7%). За год (са жніўня па жнівень) інфляцыя ў Эстоніі склала 5,5%. У Беларусі (не хачу нагадваць вам пра гэта), але 60,7% — гадавая інфляцыя.
Больш за 10 мільёнаў беларускіх рублёў у месяц зарабляюць яшчэ і чэхі. Амаль 9 мільёнаў у палякаў, 8 мільёнаў — у латышоў. Астатнія адсталі, і нашмат.
А вось яшчэ: пенсія латвійская на нашыя — 3,2 мільёна, што ў 1,7 разу больш за сярэднебеларускую зарплату.
Заробак расійцаў — амаль 6,5 мільёнаў нашых рублёў, гэта ў 3,4 разу больш за сярэднебеларускую. Зразумела, што ім тут танна.
Украінцы зарабляюць ненашмат больш за нашае — усяго на 633 тысяч рублёў больш. Гэта на ўзроўні армян і ўзбекаў.
Пражытачны мінімум у Грузіі — 737 тысяч беларускіх рублёў, а зарплата 3,7 мільёна — гэта роўна ў два разы больш за нашую.
Але мне больш за ўсіх Казахстан цікавы. Гэтыя, як і мы, уступалі ў Мытны саюз, як і мы, скуплялі аўто. Толькі зарплата ў казахаў сёння 4,8 мільёна рублёў, інфляцыя 5,9%. За гэты год заробак вырас больш чым на мільён нашых.
Самі глядзіце (у дужках сярэднія зарплаты ў нашых рублях):
Беларусь — 1 854 500 рублёў (1 854 500)
Расія — 23 820 рублёў (6 456 000)
Украіна — 2 495 грыўняў (2 488 000)
Літва — 2 071,6 літа (6 760 000)
Латвія — 504 латы (8 064 000)
Эстонія — 913 еўра (10 956 000)
Польшча — 3 466,3 злотых (8 944 000)
Чэхія — 23 984 кроны (10 680 000)
Кыргызстан — 8185 сомаў (1 448 000)
Грузія — 785,8 лары (3 784 000)
Казахстан — 88 296 тэнге (4 800 000)
Узбекістан — 585 963,2 сома (2 688 000)