Курсы даляра ў абменніках трохі знізіліся следам за біржавым

«Белсвісбанк» учора зранку купляў/прадаваў даляры за 8400/8900. Сёння — 8200/8600.

16.09.2011 / 10:34

Такая сама тэндэнцыя прасочваецца ў большасці банкаў. Скажам, «Прыёрбанк» дакляруе сёння курс 8150/8750 (у сераду і чацвер зранку было 8350/8850).

Курсы ў асобных аддзяленнях тых самых банкаў могуць нязначна розніцца. Але ў сітуацыі няпэўнасці і палітычных рызыкаў многія банкі вызначаюць курс цэнтралізавана. Гэтак, ва ўсіх мінскіх аддзяленнях "Беларусбанка" сёння зранку выстаўлены курс 8300/8650.

Курс на сайце-абменніку Prokopovi.ch таксама падцягнуўся да біржавога.

Нагадаем, што на першай сесіі, у сераду, курс склаўся на ўзроўні 8600 рублёў за даляр. У чацвер ён апусціўся да 8500. Праўда, вызначаўся ён не да канца рынкавымі метадамі: прапанова была нашмат меншай за попыт, у той жа час Нацбанк не праводзіў валютных інтэрвенцый.

Сяргей Гезгала