Стартуе інтэрнэт-адбор «Бардаўскай восені — 2011»

16.09.2011 / 11:08

33 выканаўцы даслалі свае запісы да ўдзелу ў адборачным туры фестывалю «Бардаўская восень — 2011». Між сёлетніх канкурсантаў можна пачуць як прадстаўнікоў класічнага бардаўскага стылю, так і ў пэўным сэнсе эксперыментатараў у гэтым жанры.
У спісе сольныя выступоўцы, дуэты, акустычныя гурты, некаторыя з якіх ужо бралі ўдзел у адборы і самім фестывалі, а некаторых публіка фестывалю пачуе ўпершыню. Пераможца адбору на «Тузіне Гітоў» аўтаматычна едзе ў Бельск-Падляскі.

Як кажа каардынатар фестывалю ў Беларусі Алесь Кот-Зайцаў, заявак сёлета пададзена крыху больш, чым звычайна. Выканаўцы, якія выказалі жаданне ўзяць удзел у адборы, вельмі розныя і па прафесійным узроўні і па музычным, паэтычным складніку. «Адно магу сказаць, што паслухаць дакладна ёсць што. Прынамсі я пару фаварытаў для сябе вылучыў і некаторыя песні ўжо запампаваў у свой айпод».

Узнагародай для найлепшага выканаўцы паводле версіі наведнікаў «Тузіна» стане запрашэнне ўласна на фестываль у Польшчу,
дзе ён зайграе ў конкурснай праграме «Бардаўскай восені — 2011». Абвешчаныя ж вынікі хіт-параду будуць на адборачным канцэрце ў Мінску, які адбудзецца 18 верасня ў 18:00 у кавярні «Лісіная нара» (вул. Каліноўскага, 32). Тамсама кваліфікаванае журы фэсту абярэ астатніх канкурсантаў. Апроч конкурсных выступаў на канцэрце 18 верасня ў якасці адмысловых гасцей зайграюць пераможца «Бардаўскай восені — 2010» Яўген Барышнікаў і легенда беларускай бардаўскай песні Кася Камоцкая.
Галасаванне на «Тузіне Гітоў» пачалося 14 верасня і скончыцца 18 верасня ў 19:00. Галасаваць можна штодня за аднаго выканаўцу. Пераможца будзе абвешчаны са сцэны «Лісінай нары».