Найлепшыя мультфільмы «Анімаёўкі—2011» + відэа

Для ўдзелу ў конкурснай праграме фестывалю са 111 мультфільмаў было адабрана 34.

16.09.2011 / 11:25

Скончыўся XIV Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2011».
Афіцыйнае закрыццё фестывалю і ўзнагароджанне яго пераможцаў прайшло 14 верасня.

Для ўдзелу ў конкурснай праграме фестывалю са 111 мультфільмаў, прадстаўленых на «Анімаёўцы», было адабрана 34. Гран-пры«Анімаёўкі-2011» атрымала стужка «Кінематограф» (рэжысёр Томэк Брагінскі, Польшча), знятая ў 2009 годзе. Сцэнар мультфільма заснаваны на коміксах польскага мастака Матэўша Скутніка.


«Кінематограф»

Адным з новаўвядзенняў гэтага фестывалю стаў конкурс мультфільмаў, намаляваных дзецьмі, «Я не чараўнік, я толькі вучуся…»
Галоўны прыз дастаўся мультфільму «Дзіўныя хлопчыкі» студыі дзіцячай анімацыі «Мы ёсць!» (Мінск).


«Дзіўныя хлопчыкі»

Таксама галоўныя прызы фестывалю атрымалі рэжысёр Марыс Брынкманіс (Латвія) за фільм «Жывая вада» — гэтая стужка была прызнаная найлепшым мультфільмам для дзяцей; рэжысёры Давід Саакянц (Арменія) за фільм «Айрэйні» і Юратэ Лейкайце (Літва) за фільм «Так Лаймай наканавана» за найлепшае выяўленчае рашэнне. Спецыяльны «Прыз майстру» атрымаў рэжысёр Леанід Носараў (Расія).

Прызам глядацкіх сімпатый была адзначаная праца беларускага рэжысёра Уладзіміра Пяткевіча — фільм «Курачка Раба».

Да наступнага — юбілейнага 15-га фестывалю ў яго арганізатараў мноства планаў: напрыклад, стварэнне дзіцячага журы. Сёлета мультфільмы ацэньвалі дарослыя людзі: дырэктар фестывалю тэатра лялек і анімацыйных фільмаў для дарослых «Лялька таксама Чалавек» рэжысёр Марэк Хадачынскі (Польшча), прафесар, выкладчык Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, рэжысёр-аніматар Леанід Носараў (Расія), дырэктар студыі анімацыйных фільмаў «Азанфільм» Эльчын Абдул-аглы Ахундаў (Азербайджан), дацэнт, выкладчык УДІКа імя С. Герасімава, заслужаны мастак Расійскай Федэрацыі, мастак-пастаноўшчык Вера Кудраўцава (Расія), рэжысёр-аніматар студыі анімацыйнага кіно KANOON Ахадзі Мартэза (Іран), карэспандэнт газеты «Культура» Дар’я Амяльковіч.