На аздараўленне ў Літву прыбылі дзесяць беларускіх грамадзян, пацярпелых ад выбуху ў мінскім метро

16.09.2011 / 11:48

Дзесяць грамадзян Беларусі, пацярпелых у выніку тэракта ў мінскім метро, 15 верасня прыбылі на курс рэабілітацыі ў Палангу і Абрамішкес,
паведамляе пасольства Літвы ў Мінску. Пацярпелых у Вільні прыняў палітычны дырэктар Міністэрства замежных спраў краіны Эйтвідас Баярунас.

Ён адзначыў, што Літва са спачуваннем паставілася да няшчасця ў суседняй краіне, а Міністэрства аховы здароўя краіны прапанавала прадаставіць групе асоб, пацярпелых у выніку выбуху, бясплатныя паслугі рэабілітацыі ў літоўскіх медыцынскіх установах. Урад выдзеліў на гэтыя мэты 50 тыс. літаў.

Праграму рэабілітацыі беларусаў у Літве ўзгадняла Міністэрства аховы здароўя Літвы і пасольства ў Мінску. У супрацоўніцтве з беларускімі ўстановамі была сфарміравана група з дзесяці пацярпелых. У залежнасці ад траўм шэсць пацыентаў на 24 дні накіруюцца ў Балтыйскі рэабілітацыйны цэнтр ў Паланзе, чатыры — у рэабілітацыйную бальніцу ў Абрамішкесе.

15 верасня ў Мінску пачаўся судовы працэс па крымінальнай справе аб выбуху.