Балыкін: «У доўгатэрміновай перспектыве на моцны рубель няма чаго спадзявацца»

«Для аптымізму я не бачу падставаў. З такімі паказнікамі наш вярхоўны галоўнакамандуючы мусіць застрэліцца з табельнай зброі».

17.09.2011 / 11:15

Паводле эканаміста Сяргея Балыкіна, бліжэйшым часам можна чакаць кароткатэрміновага ўмацавання беларускага рубля ў дачыненні долара, аднак эксперт падкрэслівае, што ў доўгатэрміновай перспектыве на моцны рубель няма чаго спадзявацца.

«За ўсю гісторыю існавання беларускага рубля, яшчэ з тых часоў, калі там былі намаляваныя трусы, вавёркі ды іншыя жывёліны, ён падаў і падаў. Калі ўлічыць дзве дэнамінацыі, то сёння камерцыйны курс беларускага рубля складае 86 млн рублёў за 1 долар ЗША», — падкрэслівае эксперт. Эканаміст называе такі курс «катастрафічным».

«Для аптымізму я не бачу падставаў. З такімі паказнікамі наш вярхоўны галоўнакамандуючы мусіць застрэліцца з табельнай зброі»,
 — дадаў Сяргей Балыкін.

Эксперт таксама зазначыў, што ўвядзенне дадатковай сесіі на валютна-фондавай біржы, на якой курс значна адрозніваецца ад таго, які штучна ўтрымлівае Нацбанк, можа стацца падмуркам для «шэрых схемаў». «Вельмі прывабна набыць на асноўнай сесіі валюту і прадаць на дадатковай, а таксама мы губім нашых экспарцёраў. Продаж 30% валютнай выручкі паводле заніжанага курсу — гэта фактычна падатак на экспарцёра», — падкрэсліў эксперт.