Ермакова і Снапкоў ляцяць у МВФ

Акурат у гэтыя дні ў сталіцы ЗША будзе праходзіць штогадовы сход кіраўнікоў МВФ і Сусветнага банка.

20.09.2011 / 16:38

Група беларускіх чыноўнікаў на чале са старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Надзеяй Ермаковай накіроўваецца ў Вашынгтон. Такое рашэнне зацверджана пастановай Савета міністраў № 1227 ад 15 верасня, якое апублікавана на Нацыянальным прававым партале.

У склад дэлегацыі ўвайшлі: міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, міністр фінансаў Андрэй Харкавец, начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Нацбанка Аляксей Лясной, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва і гандлю, начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Апарату Савета міністраў Генадзь Мядзведзеў. Камандзіроўка працягнецца з 21 па 25 верасня.

Мэта камандзіроўкі ў дакуменце ў адкрытым доступе не паказаная.

Разам з тым вядома, што ў гэтыя дні ў Вашынгтоне адбудзецца штогадовы сход кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка.

Урад і Нацбанк Беларусі разлічваюць на новую праграму крэдытнага супрацоўніцтва з МВФ.
«Як мяркуецца, вызначалася сума крэдыту ў 5–8 мільярдаў даляраў. Але, магчыма, нам такія грошы і не спатрэбяцца. Гэта будзе залежаць ад таго, як МВФ ацэніць нашы дзеянні», — заявіла Ермакова 17 верасня, дадаўшы, што фонд ужо ўхваліў апошнія дзеянні ўрада па выхадзе на адзіны курс.