Wikileaks: Як амерыканскія дыпламаты на Дажынкі ездзілі...
Сакрэтная тэлеграма -- пра паездку амерыканскіх дыпламатаў «высвятліць рэальную гісторыю Дажынак», і што з гэтага выйшла.
20.09.2011 / 16:58
Шэсць год таму жэрабя «Дажынак» выпала Слуцку. У кастрычніку 2005 года амерыканскія дыпламаты выправіліся туды, каб ацаніць маштаб і якасць прыгатаванняў да свята, якія, паводле тэлеграмы, каштавалі амаль 57 млн даляраў.
Праз усю паездку дыпламатаў суправаджаў «Караван міліцэйскіх, журналісцкіх і КДБшных машын», паведамляецца ў тэлеграме.
Амерыканцы загадзя дамовілся з старшынём выканаўчага камітэта Аляксандрам Драко на маленькую закрытую сустрэчу. Але на іх здзіўленне, у офісе Драко дыпламатаў сустрэлі журналісты канала СТВ і мясцовых дзяржаўных выданняў. Калі ж амерыканцы гэтаму запярэчылі, то памочнік Драко ўсміхнуўся і гучна прамовіў: «Як жа мы будзем рэкламаваць прыезд дыпламатаў у наш горад без відэасустрэчы? Мы не маем ніякіх сакрэтаў!»
Выбачыўшыся, дыпламаты пакінулі будынак пад суправаджэнне камеры СТВ.
Сустрэчу з прадстаўнікамі мясцовай апазіцыі таксама вымушана скасавалі
«Яўнай мэтай журналістаў, міліцыі і ідэолагаў было прымусіць дыпламатаў нервавацца і перашкодзіць іх сустрэчам.
Супрацоўнікаў амбасады суправаджалі і ў ранейшыя паездкі па рэгіёнах, але такі маштаб увагі быў упершыню», піша Джордж Крол.
Затое ўдалося сустрэцца з рэдактарамі мясцовых выданняў і групай абароны правоў спажыўцоў.
Амерыканцы даведаліся, што часта рэнавацыя ўключае толькі рамонт фасадаў і бачнай інфраструктуры, а не неабходныя ўнутраныя працы.
Рэдактары Андрэй Кадрэнка (часопіс «Капітал») і Сяргей Станкевіч (газета «Кур’ер») на пытанні дыпламатаў ЗША адказвалі неахвотна і стаўленне іх было «прынамсі варожым і грубым».
Але прыемна ўразіла арганізацыя па абароне правоў спажыўцоў на чале з Ігарам Губанавым.
«Арганізацыя жыве за кошт унёскаў кліентаў, таму грошай не хапае. Ніхто з супрацоўнікаў не мае заробку ўжо 2 месяцы і цяпер думаюць, як заплаціць за ацяпленне. Але арганізацыя працягвае дзейнасць і дзівосна перамагае ў 95% судоў»
На момант візіту дыпламатаў сваёй чаргі чакалі тры позвы, звязаныя з маштабнымі рэнавацыямі да Дажынак.
«Чыноўнікі аддавалі загады на правядзенне працаў, не зважаючы на маёмасць жыхароў і іх жыллёвыя ўмовы. Дахі зрывалі і не засцілалі, таму ў дамах утвараўся патоп, і гэта не кампенсавалі. Працоўныя неахайна ламалі прыватную маёмасць, ваконнае шкло, спрабуючы на скорую руку зрабіць касметычны рамонт горада», — апісвае тэлеграма.
Міліцыя і мясцовы галоўны ідэолаг у машыне КДБ суправаджалі дыпламатаў далёка за горадам.
«Ля прыдарожнага рэстарана мы спыніліся, каб спытаць у чалавека на дарозе, дзе набыць кавуны.
Не паспеў ён скончыць свой сказ, як тут жа побач спыніўся міліцэйскі аўтамабіль, і яго паклікалі на маленькую размову», —перадае дэталі паездкі тэлеграма.
Падазрэнні, што дажыначная рэнавацыя горада ў лепшым выпадку — штучная, пацвердзіліся, прыходзяць да высновы замежныя дыпламаты.