Мінск ізноў пратэстуе ў серады

анлайн, дадаліся фота- і відэарэпартажы

Некалькі сотняў людзей сабраліся на пратэст у цэнтры сталіцы — і няшмат у рэгіёнах.

21.09.2011 / 18:03

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

"Каля Чырвонага касцёла", naviny.by

22:30

Паведамляецца, што некалькі дзясяткаў ці да сотні людзей пратэставалі ў шэрагу рэгіянальных гарадоў. У Слуцку й Мазыры адбыліся затрыманні.

20:01

Апладысменты скончыліся, людзі разыходзяцца. Плошча пусцее.

19.53

Сярод тых, хто апладзіраваў ля «Макдональдса», ёсць памілаваныя па справе «масавых беспарадкаў» — у прыватнасці, Сяргей Казакоў. Сілавікі спакойна назіраюць за апладысментамі.

19:52

Зноў каля ГУМа і «Макдональдса» гучаць апладысменты, адна з жанчын спрабуе завесці людзей крыкамі «Жыве Беларусь!». Але адгукаюцца адзін-два чалавекі.

19.40

Сярод удзельнікаў акцыі быў заўважаны падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў, які выкрыў фальсіфікацыі падчас парламенцкіх выбараў.

19:37

Упершыню прагучалі апладыменты следам за сігналамі аўтамабіляў. Апладзіравалі прыкладна хвіліны дзве. Міліцыя паказальна ігнаруе.

Каля Макдональдса сабралася каля 100 чалавек, група стаіць таксама каля ГУМа. Агулам каля 200–250 чалавек.

19:33

Ад 19-й гадзіны назіраюцца праблемы з доступам да сайта «Хартыя’97». Ці гэта звязана з наплывам наведнікаў падчас «маўклівай акцыі», ці атака? «Гэта падобна да блакавання непасрэдна ў Беларусі, бо за мяжой сайт свабодна адчыняецца», — паведаміла «НН» рэдактарка «Хартыі’97» Наталля Радзіна. Яна запэўніла, што Рэдакцыя спрабуе вырашыць гэту праблему. Таксама ёсць цяжкасці з загрузкай «Беларускага партызана» і радыё «Свабода».

19:16

Каля ГУМа здымачная група бярэ інтэрв’ю ў раварыста ў шлеме, накаленніках ды інш. Вакол сабралася шмат народу.

18:52

Каля Макдональдса стаіць купка моладзі. Таксама купка каля ГУМа, паадзінкавыя сігналы машын, але людзей пакуль вельмі мала.

18:41

Па Кастрычніцкай плошчы ходзіць намеснік начальніка мінскай міліцыі Ігар Яўсееў, ягоны намеснік і іншыя падначаленыя.

За першай музычнай школай на вуліцы Залатая Горка курсанты акадэміі МУС у спартыўнай форме перакусваюць булачкамі.

18:41

За універсамам «Цэнтральны» два мазаўскія аўтобусы і адзін мікрааўтобус — усе без нумароў — з асобамі ў цывільным і ў чорнай спецназаўскай форме.

18:37

За кнігарняй «Цэнтральная» ў двары стаіць аўтобус MAN з міліцыянтамі, два пустыя закратаваныя міліцэйскія газікі, а таксама «жыгулі», у якіх сядзіць падпалкоўнік і нейкі высокі чын у цывільным.

Калі ісці праспектам, то кожныя некалькі дзясяткаў метраў трапляюцца фізічна дужыя хлопцы, якія ходзяць парамі.

18:25

На Плошчы Незалежнасці каля гасцініцы «Мінск» чатыры групы ціхароў (людзей у цывільным) ад двух да шасці чалавек кожная.

18:21

На Кастрычніцкай плошчы таксама ля кожнага слупа па 2–3 чалавекі ў цывільным з навушнікам. Патрулі стаяць ля Палаца Рэспублікі і Палаца прафсаюзаў. Ля Дома афіцэраў — вялікі міліцэйскі аўтобус. Але пакуль затрыманняў няма.

18:14

Ад ГУМа да Плошчы Незалежнасці на кожным скрыжаванні па 2–3 чалавекі з навушнікамі, у дварах дзяжураць міліцэйскія аўтобусікі ПАЗ. На праспекце свет народу, але гэта тлумачыцца гадзінай пік.

17:30

На ўчастку праспекта Незалежнасці ад паштамта да ГУМа шмат асобаў у цывільным. За Нацбанкам — аўтобус з супрацоўнікамі міліцыі ў форме. За Палацам Рэспублікі — два пустыя аўтобусы і чатыры мікрааўтобусы. У іх некалькі асобаў у цывільным і некалькі спецназаўцаў.

У раёне Палаца Рэспублікі — патрулі ДАІ. Злева ад палаца забаронена паркоўка, паведамляе БелаПАН.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі спадарыня Майра Мора сёння заявіла, што паслы ЕС будуць сачыць за акцыяй.

* * *

У адрозненне ад летніх выступаў, якія былі больш стыхійнымі, 20 верасня арганізатары акцыі выставілі 9 патрабаванняў да ўладаў.

Яны пачынаюцца з эканамічных вымог, а сканчаюцца палітычнымі і культурнымі. Агульным

лозунгам акцыі 21 верасня павінна стаць: «Хопіць цярпець! — рост цэнаў, дэвальвацыю, бязмежжа міліцыі, дзяржаўную прапаганду і абяцанні ўлады!».

«Вуліца» патрабуе ад лукашэнкаўцаў гарантыі недатыкальнасьці банкаўскіх укладаў і індэксацыі заробкаў і пенсій. Яны выказваюцца за рынкавае фармаванне курса рубля, «а не стуканнем кулаком па стале».

Калі браць палітычны бок, пратэстоўцы найперш патрабуюць шырокай і адкрытай грамадскай дыскусіі пра эканамічную і палітычную сітуацыю ў краіне — дэбатаў у дзяржаўных СМІ з удзелам прадстаўнікоў улады, апазіцыі, экспертаў і эканамістаў. Акрамя таго, яны называюць неадкладнае вызваленне і рэабілітацыю ўсіх палітвязняў, спыненне рэпрэсій і рэальныя дзеянні па выратаванні беларускай мовы.

З сацыяльных патрабаванняў вылучаны ўвядзенне льготнага альбо бясплатнага праезду на грамадскім транспарце для навучэнцаў і студэнтаў усёй краіны, а таксама свабодны продаж валюты без дакументаў і рэгістрацыі здзелкі.

У Мінску ўдзельнікі акцый хочуць сабрацца на праспекце Незалежнасці на адрэзку ад гатэля «Мінск» да Кастрычніцкай плошчы на правым баку праспекту (бок ГУМа, «Макдональдса»).
У рэгіянальных гарадах пратэстоўцы рыхтуюцца сабрацца на цэнтральных вуліцах гарадоў. У Гродне на Савецкай, у Брэсце — на праспекце Машэрава, у Магілёве — на Леніна, у Віцебску — на вуліцы Леніна, у Гомелі на Савецкай.

Падобныя акцыі праводзіліся ў краіне з 8 чэрвеня па 27 ліпеня штотыднёва па серадах у знак пратэсту супраць палітыкі ўладаў. Першыя акцыі былі шматлюдныя, затым актыўнасць удзельнікаў пайшла на спад. Гэтаму шмат у чым садзейнічалі жорсткія дзеянні ўладаў: разгоны і затрыманні не толькі ўдзельнікаў акцый, але і выпадковых прахожых, штрафы і доўгія адміністрацыйныя арышты найбольш актыўных грамадзян.

Перад акцыяй у інтэрнэце з’явіўся прома-ролік на песню «Ляпісаў» «Не быць скотам».

С.Гудзілін, С.Мікулевіч, С.Макарэвіч, Я.Марціновіч