«Известия»: пярлоўку ў расійскай арміі заменяць на рыс і грэчку

22.09.2011 / 09:45

Мінабароны вырашыла пайсці насустрач прызыўнікам і ўлічваць іх густы. Як піша газета «Известия», зараз замест нялюбай пярловай кашы салдаты будуць есці грэчку і рыс.

Рашэнне пазбавіць салдацкія сталовыя «невысакародных» круп прыняў асабіста міністр Анатоль Сердзюкоў, паведамілі выданню ў ведамстве. Кампаніям, якія адказваюць за харчаванне ў войску, каб укласціся ў бюджэты, давялося перапісваць меню і нават звальняць кухараў.

«Цана аднаго кілаграма грэчкі 105 рублёў, пярлоўкі — 20 рублёў. Розніца — у пяць разоў. Нам нават давялося скараціць персанал на 20%, каб улезці ў зацверджаны ваеннымі бюджэт», — расказалі газеце ў адной з кампаній, якая выйграла тэндар на арганізацыю харчавання ў некалькіх вайсковых частках.

Цяпер знайсці пярлоўку ў сваёй талерцы салдаты змогуць толькі ў расольніку — парушаць рэцэптуру адзінага супу, у склад якога ўваходзіць пярловая крупа, кухары не збіраюцца.