Канцэрт капэлы Pete-Paff — 24 верасня

22.09.2011 / 12:21

24 верасня ў Тэатры беларускай драматургіі пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!» капэла PETE-PAFF ладзіць незвычайны канцэрт-прэзентацыю.

Гэты гурт традыцыйна ўважаецца за адзін з найбольш прыкметных беларускіх калектываў, звязаных з фолкавай музыкай. І нядзіва — за плячыма ў музыкаў шматлікія фестывалі, канцэрты на Радзіме і па-за яе межамі. Калектыў складаецца з вядомых музыкаў, сярод якіх Піт Паўлаў, Алезіс Дземідовіч, Яраш Малішэўскі.

Капэла прыкметная тым, што заняла адметную нішу ў беларускай фолк-музыцы. Тут і арыгінальны падыход да матэрыялу — народнага і аўтарскага, і безліч разнастайных, падчас унікальных інструментаў, і энергетыка, якую не зблытаеш з іншымі.

Нагодай для маштабнай серыі канцэртаў сталася кніга «Незвычайная энцыклапедыя народных інструментаў»,
якую Яраш Малішэўскі напісаў разам з пісьменніцай Аксанай Спрынчан. Упершыню ў беларускай дзіцячай літаратуры з’явіўся гэткі твор. Напісаная ў форме займальнай, казачнай энцыклапедыі, кніга знаёміць з беларускімі народнымі інструментамі. Праз гісторыі, казкі, ды рэальныя факты беларусы з маленства далучаюцца да хараства і прыгажосці нашае музыкі.

Канцэрты-прэзентацыі «Незвычайнай энцыклапедыі народных інструментаў» адбыліся ў розных гарадах і мястэчках Беларусі, а завершацца ў сталіцы вялікім канцэртам капэлы PETE-PAFF. Сустрэча з аўтарамі — Ярашам Малішэўскім, Аксанай Спрынчан і мастачкай Веранікай Шніп, якая цудоўна аздобіла кнігу, старыя і новыя песні, нечаканасці й разынкі — кактэйль мае быць смачны. Удзельнікі абяцаюць: канцэрт-прэзентацыя варты таго, каб там пабываць. Абавязкова.

24 верасня,19:00, Тэатр беларускай драматургіі (Крапоткіна, 44).

Цана квіткоў -18-25 тыс.

Замовіць квіткі можна па тэлефонах: (017) 286-04-63; (017) 286-70-21.