Мінэканомікі: Зарплаты насельніцтва пачынаюць адпавядаць прадукцыйнасці працы
22.09.2011 / 15:01
Пра гэта заявіў 22 верасня на брыфінгу ў Мінску намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка.
Ён адзначыў, што сёлета атрымліваецца дасягаць адпаведнасці паміж велічынёй заработных плат і прадукцыйнасцю працы. «Калі ў пачатку года разрыў паміж прадукцыйнасцю працы і ўзроўнем заработных плат складаў каля 20%, то цяпер ён скараціўся да 2,9%. Такім чынам, мы пачынаем набліжацца да сітуацыі, калі рэальна зарабляем тыя грошы, якія атрымліваем», — падкрэсліў Аляксандр Ярашэнка.
Пры гэтым ён выказаў надзею на тое, што ў доларавым эквіваленце заработная плата беларусаў будзе расці. «Доларавы эквівалент будзе залежаць ад таго, які раўнаважны курс долара ўстановіцца. Траекторыя руху на валютным рынку гаворыць аб тым, што нацыянальная валюта будзе ўмацоўвацца і, адпаведна, мы разлічваем, што даходы насельніцтва ў доларавым эквіваленце будуць расці», — адзначыў намеснік міністра.
Паводле даных Белстата, сярэднямесячная заработная плата ў Беларусі ў ліпені склала 1 млн. 854,5 тыс. рублёў. З улікам курсу долара на дадатковай біржавой сесіі, які сфарміраваўся 21 верасня (8.010 рублёў за долар), сярэдняя зарплата насельніцтва склала ў ліпені прыкладна 230 долараў. Для параўнання: у студзені гэтага года сярэдняя зарплата ў краіне складала 1 млн. 409,6 тыс. рублёў, ці 470 долараў.