Ахова Лукашэнкі баіцца доўгіх аб’ектываў

Фотажурналісты і аператары не змогуць трапіць у «сэрца» «Дажынак» без адмысловай акрэдытацыі.

29.09.2011 / 17:02

Згодна з правіламі Мінаблвыканкама, у «рэжымную зону» забаронена праходзіць з фота- і відэаапаратурай з аб’ектывам звыш 4 см. Правілы, згодна з якімі грамадзянам строга забараняецца без «адмысловага дазволу» праносіць фотааппараты і відэакамеры з вялікімі аб’ектывамі ў агароджаную на час правядзення фестывалю зону Маладзечна, з’явіліся ў «Жывым часопісе» Мінскага ГУУС 28 верасня.

«Навіна» выклікала занепакоенасць у некаторых фатографаў. Прэс-служба БАЖ звярнулася па тлумачэнні ў аддзел унутраных справаў Мінскага аблвыканкама.

«Гэта было патрабаванне службы бяспекі прэзідэнта, — патлумачыў прэс-сакратар Аляксандр Данільчанка. — Увогуле, у час, калі на „Дажынках“ будзе прысутнічаць прэзідэнт, здымкі змогуць рабіць только акрэдытаваныя пры яго адміністрацыі журналісты. Калі ж прэзідэнт з’едзе, рэжым здымак зменіцца, але акрэдытавацца журналістам усё ж прыйдзецца».

Спадар Данільчанка параіў журналістам, якія збіраюцца працаваць у агароджанай частцы Маладзечна (па сутнасці, у цэнтры свята), звярнуцца па акрэдытацыю ў Мінскі аблвыканкам. У іншым выпадку, па словах прэс-сакратара АУС, журналістаў «выставяць за межы рэжымнай зоны» ці запатрабуюць схаваць апаратуру.

Між тым, як патлумачыла БАЖ супрацоўніца Мінаблвыканкама Ірына Канавалава, акрэдытацыя журналістаў на «Дажынкі» скончылася яшчэ 20 верасня.

«Спазніліся вашы журналісты, так ім і перадайце», — пракаментавала сітуацыю спадарыня Канавалава.