Сёння ўначы напалі на Вацлава Арэшку і Валера Ухналёва

Спачатку іх спыніў чалавек у форме супрацоўніка дарожна-патрульнай службы.

01.10.2011 / 17:15

«Пра хвалю бандыцкіх нападаў» — пад такім назовам 3 кастрычніка ў Мінску апазіцыйныя палітыкі Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Валер Ухналёў і Вацлаў Арэшка правядуць прэс-канфэрэнцыю.

Уначы 30 верасня ў Валожынскім раёне на трасе Вільня — Мінск быў учынены разбойны напад на машыну, у якой ехалі Ухналёў і Арэшка з дачкой. Спачатку іх спыніў чалавек у форме супрацоўніка дарожна-патрульнай службы. Калі спадар Ухналёў выйшаў з машыны для праверкі дакумэнтаў, раптам з’явілася група невядомых у масках, якія абрабавалі тых, хто знаходзіўся ў аўтамабілі.

Невядомыя скралі рэчы, грошы, дакументы. Дзейнічалі яны брутальна, паведамілі арганізатары прэс-канферэнцыі.

Нагадаем, што сёння таксама быў здзейснены напад на лідара АГП Анатоля Лябедзьку. Нападнікі аказаліся супрацоўнікамі спецслужбаў.