За тыдзень да Народнага сходу Лукашэнка павысіў тарыфную стаўку 1-га разраду

Пасля года інфляцыі яна вырасла на 28% да 151 тыс. рублёў.

01.10.2011 / 19:44

У Беларусі тарыфная стаўка першага разраду з 1 кастрычніка павышана з 118 тыс. да 151 тыс. рублёў, паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна.

«Кіраўніком дзяржавы было даручана ўраду разгледзець і прапрацаваць з улікам магчымасцяў бюджэту пытанне аб павышэнні тарыфнай стаўкі першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы да канца гэтага года, — адзначыла міністр. — У мэтах выканання гэтага даручэння ўрад прыняў пастанову ад 1 кастрычніка 2011 №1310, якой з 1 кастрычніка тарыфная стаўка першага разраду павышана з 118 тыс. да 151 тыс. рублёў — на 28%».

Акрамя таго, улічваючы сітуацыю, гэтай жа пастановай з 1 лістапада гэтага года для аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы ўведзеныя штомесячныя дыферэнцыраваныя даплаты ў дыяпазоне 240–16 тыс. рублёў. Канкрэтныя памеры названых даплат па тарыфных разрадах (з 1-га па 27-ы) у найбліжэйшы час будуць устаноўлены пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паведаміла міністр.