Настасся Харланава ад Беларусі едзе на конкурс «Міс свету 2011» + фота

18.10.2011 / 09:45

БелТА

21-гадовая гамяльчанка Анастасія Харланава будзе ўдзельнічаць ад Беларусі ў міжнародным конкурсе «Міс свету 2011», фінал якога адбудзецца ў Лондане 6 лістапада.

19 кастрычніка беларуская прыгажуня накіруецца ў сталіцу Вялікабрытаніі для падрыхтоўкі. Жыхарка Гомеля ўпершыню прадстаўляе Беларусь на прэстыжным конкурсе. Анастасія Харланава — другая віцэ-міс конкурсу «Міс Беларусь 2010», студэнтка 5-га курса факультэта машынабудавання Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога.

У фінале «Міс свету» будуць браць удзел 122 дзяўчыны з розных краін.

Для конкурсу «Міс талент» гомельская студэнтка падрыхтавала фартэпіянны твор Бетховена «Да Элізы». На прэс-канферэнцыі 17 кастрычніка па просьбе журналістаў яна выканала п’есу.

Анастасія, паводле яе слоў, паспрабуе пакарыць гледачоў шоу і журы абаяльнай усмешкай і сціпласцю. Намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Алена Клічкоўская зазначыла, што работнікі выканкама праглядалі фота астатніх удзельніц конкурсу прыгажосці і прыйшлі да высновы, што «прыгажэйшай за Анастасію там няма». Клічкоўская звярнула ўвагу на зялёныя вочы ўдзельніцы. «Мы адпраўляем яе як Папялушку ў Вавілонскае стоўпатварэнне. У Анастасіі славянская, ненавязлівая і невульгарная прыгажосць», — зазначыў прарэктар універсітэта Віктар Кірыенка.

Сама ўдзельніца заявіла, што дыеты не прытрымліваецца, а імкнецца харчавацца здаровай ежай. Яна неаднаразова перамагала ў конкурсах прыгажосці, у прыватнасці заваявала званне «Прынцэса ўніверсітэта» ў роднай ВНУ, пасля заканчэння якой плануе паступіць у магістратуру.

Падрыхтавацца да конкурсу Харланавай дапамагаюць мясцовыя ўлады і Нацыянальная школа прыгажосці. У Лондан дзяўчына паедзе з уборамі беларускіх дызайнераў, у яе багажы 12 сукенак.

Конкурс «Міс свету» — адно з найбольш папулярных і рэйтынгавых штогадовых шоу. Фінал конкурсу транслюецца ў 140 краінах, а агульная аўдыторыя праекта складае прыкладна 2 млрд. чалавек. Конкурс быў заснаваны ў 1951 годзе. Беларусь бярэ ўдзел у ім з 2005 года.