Пуцін: Расія не зацікаўлена

18.10.2011 / 10:40

З’яўляючыся прыхільніцай інтэграцыйных працэсаў, Расія не вядзе гаворку пра палітычнае аб’яднанне з краінамі СНД і адраджэнне СССР.

Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін 17 кастрычніка ў інтэрв’ю тром вядучым расійскім тэлеканалам, каментуючы свой артыкул у газеце «Известия» ад 4 кастрычніка «Новы інтэграцыйны праект для Еўразіі — будучыня, якая нараджаецца». У гэтым матэрыяле Пуцін выказаў думку, што будаўніцтва Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы закладвае аснову для фарміравання ў перспектыве Еўразійскага эканамічнага саюза.

Паводле слоў Пуціна, першы штуршок у напрамку цяперашніх інтэграцыйных працэсаў зрабіў прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. «Ён прыехаў сюды і тут, у Нова-Агарове, прыйшоў да мяне дадому і кажа: слухай, я падумаў, давай будзем рабіць так, так і так… Гэта было ў 2002 годзе, калі я не памыляюся. І мы ў мяне дома, вось тут вось, побач зусім, у суседнім будынку, размаўлялі ўчатырох наконт гэтага. Я, Назарбаеў, Лукашэнка і тагачасны прэзідэнт Украіны Кучма. Я прапанаваў пачакаць яго спецыяльна, мы яго дачакаліся і ўчатырох размаўлялі», — сказаў Пуцін, на той час прэзідэнт Расіі.

На думку прэм’ера РФ, не трэба быць буйным спецыялістам, каб зразумець, што ад складання магчымасцяў, — «тэхналагічных, інфраструктурных, па транспарце, па энергетыцы, па мінеральных рэсурсах, па працоўнай сіле, па тэрытарыяльных магчымасцях, нават па моўных, што таксама вельмі важна для развіцця агульнай эканомікі», — канкурэнтаздольнасць краін былога СССР будзе рэзка ўзрастаць.

«Мы выкарыстаем тыя канкурэнтныя магчымасці, якія дасталіся нам ад ранейшых пакаленняў, і можам перавесці іх на сучасную, новую базу. Знімем розныя абмежаванні паміж дзяржавамі, звязаныя з мытняй, з валютнымі курсамі, з множнасцю падыходаў у тэхнічным рэгуляванні. І гэтак далей… Разбюракратым эканоміку, зробім адзіны, практычна агульны рынак, дзе будуць свабодна перамяшчацца тавары, людзі і капіталы, увядзём адзіныя нормы рэгулявання ў эканоміцы, забяспечым бяспеку знешніх межаў вось гэтай прасторы, найперш эканамічнага характару, і будзем развівацца — больш эфектыўнымі станем, больш прыцягальнымі нават для нашых партнёраў з-за мяжы. А калі мы будзем укараняць у нашы ўнутраныя працэдуры нормы і правілы Сусветнай гандлёвай арганізацыі, то мы станем больш празрыстымі для нашых знешніх партнёраў, — мяркуе Пуцін.

«Мы, уласна кажучы, так і робім, але, вядома, заўсёды гэта суверэнны выбар кожнай дзяржавы, — зазначыў ён. —

І мы ж не гаворым пра нейкае палітычнае аб’яднанне, аб адраджэнні Савецкага Саюза, дый Расія нават і не зацікаўлена ў гэтым сёння.
Яна не зацікаўлена ў тым, каб браць на сябе залішнія рызыкі, несці залішнюю нагрузку за тыя краіны, якія па тых ці іншых прычынах у тых ці іншых галінах пакуль яшчэ крышку ў нас за спінай знаходзяцца. Але нейкую частку нагрузкі, маючы на ўвазе зацікаўленасць усіх, у тым ліку і Расіі, у пашырэнні гэтай эканамічнай прасторы, мы, палічыўшы яе, гатовыя будзем узяць сёння на сябе».

Як ужо паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка напісаў у «Известия» артыкул у адказ «Пра лёсы нашай інтэграцыі» (апублікавана 17 кастрычніка), у якім падтрымаў ідэю Еўразійскага саюза.