Правы «кашалька Лукашэнкі» ў ЕС абараняе найлепшая юрыдычная фірма Літвы

Уладзімір Пефціеў, у дачыненні да трох фірмаў якога Радай Еўрасаюза ўведзеныя санкцыі, аспрэчвае гэтае рашэнне.

18.10.2011 / 11:03

lrytas.lt

Яго інтарэсы ў чатырох позвах супраць Рады ЕС прадстаўляе аўтарытэтная літоўская юрыдычная кампанія LAWIN.

Пра тое, што Пефціеў накіраваў позвы, гаворыцца ў нядаўна апублікаваным афіцыйным часопісе Еўрасаюза. Усяго пададзена 4 позвы, усе датаваныя 12 жніўня 2011: адна ад Уладзіміра Пефціева як фізічнай асобы, тры — ад кампаній, уладальнікам або саўладальнікам якіх ён з’яўляецца, — ЗАТ «Белтэхэкспарт», ПУП «БТ Тэлекамунікацыі» і ЗАТ «Спорт-пары».

Па ўсіх іх адказчыкам з’яўляецца Рада Еўрасаюза і па ўсіх адзіная фармулёўка: адмяніць пастанову і рашэнне Рады ЕС ад 20 чэрвеня 2011, паводле якіх кампаніі Пефціева трапілі пад абмежавальныя меры ў дачыненні да Лукашэнкі і шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

Нагадаем, што гэта рашэнне было прынятае супраць кампаній Пефціева і шэрагу беларускіх чыноўнікаў «з мэтай узмацнення фінансавага ціску на беларускія ўлады, каб прымусіць іх спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі». Пры гэтым крыніцы ў ЕС назвалі Пефціева «кашальком Лукашэнкі».

Доказная база ў пададзеных праз LAWIN позвах грунтуецца на 5 пунктах, у тым ліку і на тым, што Рада Еўрасаюза парушыла правы Пефціева «на абарону і справядлівае судовае разбіральніцтва, прадугледжанае ў артыкуле 47 Хартыі асноўных правоў Еўрапейскага саюза і артыкулаў 6 і 13 Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод».

Яшчэ адзін з пунктаў абвяшчае, што Рада ЕС «парушыла фундаментальнае права на ўласнасць, прадугледжанае ў артыкуле 17 Хартыі асноўных правоў Еўрапейскага саюза і артыкула 1 Пратакола № 1 Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў неапраўдана і непрапарцыйна без пераканаўчых доказаў».

Таксама, на думку пазоўніка, у Рады ЕС не было пераканаўчых доказаў, што Пефціеў «якім-небудзь чынам звязаны са спансараваннем рэжыму Лукашэнкі, якім-небудзь чынам удзельнічае ў парушэнні міжнародных выбарчых стандартаў і разгоне грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі або ўвозіць у Беларусь абсталяванне, якое можа быць выкарыстанае для ўнутраных рэпрэсій».

Пра дату разгляду позваў не паведамляецца.

Адзначым, што кампанія LAWIN, трое юрыстаў якой абараняюць інтарэсы Пефціева, у нядаўна апублікаваным рэйтынгу найлепшых юрыдычных кампаній свету IFLR1000 заняла першыя месцы ў Літве і Латвіі і другое ў Эстоніі.

LAWIN цяпер кансультуе ўрад Літвы ў праекце па будаўніцтве новай атамнай электрастанцыі і спадарожнай інфраструктуры. У 2011 годзе менавіта яна ўдзельнічала ў найбуйнейшай у Літве угодзе M&A па набыцці Geonafta групы кампаній ЗАТ Lotos Baltija і Lotos Petrobaltic.