ТБМ заклікае аднавіць выхад газеты «Раніца»

18.10.2011 / 11:05

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выступіла з заявай, у якой заклікала грамадзян патрабаваць аднаўлення выхаду дзіцячай газеты «Раніца» ў ранейшым фармаце.

«Са сродкаў масавай інфармацыі стала вядома, што па загадзе чыноўнікаў спыніла сваё існаванне адзіная беларускамоўная дзіцячая газета „Раніца“, — адзначаецца ў заяве. — Гэтае выданне на працягу 82 гадоў несла беларускае слова ў беларускую школу, выхоўвала патрыятызм і любоў да беларускай мовы і культуры ў нашых дзетак. Не іначай як здзекам выглядае абяцанне чыноўнікаў зрабіць з „Раніцы“ маленькі штомесячны дадатак да рускамоўнай газеты [„Переходный возраст“]».

«Мы заклікаем грамадзян Беларусі неадкладна звяртацца да беларускага ўрада з патрабаваннем аднавіць выхад газеты „Раніца“ і абвясціць падпіску на гэтае выданне на наступны год, год юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка», — гаворыцца ў адозве.