ЕС адмяніў візіт Януковіча ў Брусэль, але падпіша з Украінай дамову аб асацыяцыі

Пасля вынясення прысуду Юліі Цімашэнка ЕC неаднаразова заяўляў, што адносіны з Украінай могуць пагоршаць.

18.10.2011 / 11:58

Еўрасаюз адмяніў візіт прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча ў Брусэль, паведаміла AFP дыпламатычная крыніца. Паводле яе слоў, сустрэча пераносіцца на іншую дату, калі ўзнікнуць больш спрыяльныя ўмовы для дасягнення прагрэсу ў двухбаковых адносінах

Візіт Януковіча ў Брусэль быў прызначаны на 20 кастрычніка. Там ён меўся сустрэцца з кіраўніком Еўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу і прэзідэнтам Еўрасаюза Херманам ван Ромпеем для абмеркавання дэталяў пагаднення аб палітычнай асацыяцыі і свабодным гандлі, якое бакі планавалі падпісаць у снежні.

Пасля вынясення прысуду экс-прэм'еру Украіны Юліі Цімашэнка Еўрасаюз неаднаразова заяўляў, што стасункі з Украінай могуць пагоршыцца.

Юлія Цімашэнка тыдзень таму была асуджаная да сямі гадоў зняволення за перавышэнне паўнамоцтваў пры заключэнні газавых кантрактаў з Расеяй у 2009 г.

У той жа час стала вядома, што ЕС падпіша з Украінай дамову аб асацыяцыі ў снежні, як і меркавалася.

СГ