У 3-м раўндзе Кубка ЕГФ «Дынама-Мінск» сустрэнецца з «Нантам»

18.10.2011 / 13:08

У 3-м раўндзе кубка Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі чэмпіён Беларусі «Дынама» Мінск сустрэнецца з «Нантам», што летась фінішаваў 4-м у французскім першынстве.

Лёсаванне гэтай стадыі (1/16 фіналу) другога па значнасці гандбольнага турніра Еўропы прайшло сёння ў Вене, паведамляе сайт Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі.

Першы матч пройдзе 26–27 лістапада ў Францыі, матч у адказ — 3 ці 4 снежня ў Мінску.

Мінскае «Дынама» стартавала ў кваліфікацыі гандбольнай Лігі чэмпіёнаў, але ў вырашальным матчы прайграла шведскаму «Севехофу» (31:32) і не змагло прабіцца ў групавы турнір, у якім, нагадаем, выступаў летась.

Цяпер перад «Дынама» пастаўлена задача выйграць Кубак ЕГФ.

Што да «Нанта», то ў 2-м раўндзе Кубка ЕГФ ён абыграў галандскі «Валендам» 31:21, 26:21.

БГК імя Мяшкова выступае ў Кубку Кубкаў, у трэцім раўндзе брэсцкі клуб сустрэнецца з македонскім «Пелістарам».

nn.by