21 кастрычніка савет рэспублікі разгледзіць законапраекты аб жорсткіх умовах грамадска-палітычнай дзейнасці

18.10.2011 / 14:20

21 кастрычніка на другім пленарным пасяджэнні восеньскай сесіі Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі разгледзіць законапраекты, якія прадугледжваюць умовы грамадска-палітычнай дзейнасці і атрымалі вялікі грамадскі рэзананс. Размова ідзе аб праектах законаў «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» і «Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь».

Як паведамілі ўу Савеце Рэспублікі, абмеркаванне гэтых законапраектаў уключана ў парадак дня сесіі,

аднак, у якім рэжыме яны будуць разглядацца — закрытым, як у Палаце прадстаўнікоў, ці адкрытым, — пакуль невядома.
Плануецца, што першы законапраект парламентарыям будзе прадстаўляць міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў, другі — намеснік міністра юстыцыі Ігар Тушынскі.
Абодва законапраекты былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў у двух чытаннях 3 кастрычніка.

Нагадаем, законапраект аб унясенні паправак у закон аб масавых мерапрыемствах прадугледжвае, у прыватнасці, што арганізацыя любога збору грамадзян павінна быць санкцыянаваная ўладамі. Гэта тычыцца і флэшмобаў, і збору грамадзян, у тым ліку з выкарыстаннем інтэрнэта.

Другі законапраект сцвярджае папраўкі ў шэраг законаў, згодна з якімі любыя пратэсты без дазволу забароненыя, а замежнае фінансаванне недзяржаўных арганізацый з парушэннем заканадаўства Беларусі становіцца крымінальна караным. Дакумент забараняе рэспубліканскім і мясцовым грамадскім аб’яднанням, іх саюзам захоўваць грашовыя сродкі, каштоўныя металы і іншыя каштоўнасці ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, што знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў.