Карэспандэнта «Московского комсомольца» дэпартавалі з Беларусі

Журналіст «МК» Ігар Кармазін прыехаў у Мінск пісаць рэпартаж пра беларускіх палітвязняў.

26.10.2011 / 10:57

Ігар Кармазін прыехаў у Мінск пісаць рэпартаж пра беларускіх палітвязняў. Пасля інтэрв'ю з Ірынай Халіп, жонкай былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, Кармазіна затрымалі.

У міліцыі Партызанскага раёна Мінску яго абшукалі, знішчылі дыктафонныя запісы, знялі адбіткі пальцаў. Намеснік кіраўніка міліцыі Аляксандр Гладун падпісаў пастанову, што Карамзіну год забаронена наведваць Беларусь.

Пад канвоем Ігара Кармазіна адвезлі на чыгуначны вакзал.

"Я прыехаў у Мінск пісаць артыкул пра рэпрэсіі ў Беларусі, але нават не думаў, што мне так палегчаць працу, што на працягу некалькіх гадзінаў я ўсё ўбачу ўласнымі вачыма і адчую на ўласнай скуры", - заявіў Хартыі'97 Ігар Кармазін.

​​Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных заявіў БелаПАН, што Кармазін знаходзіўся ў Мінску без акрэдытацыі. "Ён не атрымліваў акрэдытацыю пры беларускім МЗС. Такім чынам, ён знаходзіўся ў Беларусі з прыватным візітам", — сказаў Савіных. Чыноўнік удакладніў, што, паводле беларускага заканадаўства, для працы ў Беларусі прадстаўнікі ўсіх замежных СМІ павінны атрымаць акрэдытацыю ў МЗС.