Педагог з Пінска асуджаны за збыт пораху
26.10.2011 / 11:11
За збыт пораху асуджаны51-гадовы педагог адной з устаноў адукацыі Пінска.
Як паведаміў намеснік начальніка аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Генадзь Бурый, 3 чэрвеня мужчына з мэтай збыту прывёз на адзін з рынкаў Пінска 247,55 грама бяздымнага нітрацэлюлознага пораху, які з’яўляецца кідальным выбуховым рэчывам.
На рынку ён прадаў порах за 65 тыс. рублёў, але быў затрыманы аператыўнікамі ў ходзе праверачнай закупкі.
Паводле слоў затрыманага, ён набыў порах у канцы вясны для асабістых патрэб і захоўваў па месцы жыхарства.
21 верасня суд Пінскага раёна і Пінска прызнаў педагога вінаватым па ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на два гады.
Як адзначыў Буры, суд улічыў, што абвінавачаны раней ні ў чым заганным заўважаны не быў, характарызуецца выключна са станоўчага боку, а таксама тое, што хоць порах і з’яўляецца выбуховым рэчывам, але выкарыстоўваецца ў асноўным для начыння паляўнічых патронаў.
25 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда пакінула прыгавор суда першай інстанцыі без змянення, і ён увайшоў у законную сілу.